Эстонія рыхтуе забарону на куплю нерухомасці для грамадзян Беларусі і РФ
2- 29.01.2026, 17:03
- 1,200
Ідзе гаворка пра тых, хто не мае доўгатэрміновага віду на жыхарства.
Эстонскія улады гатуюць змены ў заканадаўстве, якія прадугледжваюць забарону на куплю нерухомасці для грамадзян Расіі і Беларусі, калі ў іх няма доўгатэрміновага віду на жыхарства. З такой ініцыятывай выступіў міністр унутраных спраў Ігар Таро. Абмежаванні закрануць таксама кампаніі, фактычнымі уладальнікамі якіх з’яўляюцца такія асобы, піша Delfi.ee.
Міністр тлумачыць гэты крок неабходнасцю умацавання нацыянальнай бяспекі. Паводле яго, людзі з незразумелай біяграфіяй, якія знаходзяцца ў Эстоніі нядаўна або часова, могуць выкарыстоўваць нерухомасць у варожых мэтах — для разведкі, дыверсій або падрыхтоўкі дзеянняў у крызісных сітуацыях на фоне агрэсіўнай палітыкі Крамля і яго саюзнікаў.
Ігар Таро адзначыў, што уезд і знаходжанне такіх грамадзян у Эстоніі ўжо амаль цалкам абмежаваныя, таму лагічна пазбавіць іх і права на куплю нерухомасці. Ён падкрэсліў, што ідзе пра рэальную пагрозу і што Эстонія павінна перайсці ад частковых абмежаванняў да прамых забаронаў, як гэта ўжо зрабілі шэраг краін ЕС і НАТА. Падобныя праблемы, паводле яго, турбуюць таксама улады Фінляндыі, Нарвегіі, Швецыі, Літвы, Латвіі і іншых дзяржаў.
Цяпер у Эстоніі ўжо існуюць пэўныя абмежаванні на куплю нерухомасці ў памежных зонах і на малых астравах, але міністр лічыць гэтыя меры недастатковымі і малаэфектыўнымі.
Разам з тым новыя правілы не будуць распаўсюджвацца на грамадзян Расіі і Беларусі, якія маюць доўгатэрміновы від на жыхарства. Яны захаваюць права купляць, прадаваць, атрымліваць у спадчыну або дарыць нерухомасць. Таро растлумачыў, што гэтыя людзі ўжо прайшлі праверку пры атрыманні віду на жыхарства, таму няма падстаў для дадатковых забаронаў у іх выпадку.
Станам на 9 студзеня ў Эстоніі пражываюць 1190 грамадзян Беларусі з доўгатэрміновым відам на жыхарства і 1476 — з часовым. Сярод грамадзян Расіі доўгатэрміновы від на жыхарства маюць 70 237 чалавек, а часовым — 7797.