У пункце пропуску «Казловічы» адкрылі новую зону чакання
- 29.01.2026, 16:47
- 1,108
Пляцоўка электроннай чаргі змяшчае больш за 700 грузавікоў.
У пункце пропуску «Казловічы» на мяжы з Польшчай 29 студзеня адкрылі новую пляцоўку зоны чакання электроннай чаргі, паведамілі у Брэсцкім аблвыканкаме. Там з’явіўся шматфункцыянальны тэрмінал з зонамі грамадскага харчавання, складскімі памяшканнямі і іншым. Новы аб’ект разлічаны на сотні грузавікоў, ёсць і вялікі ўчастак для пасажырскага транспарту.
Новую пляцоўку будавалі 19 месяцаў, яна абышлася ў 62 мільёны рублёў. Цяпер у «Казловічах» ёсць шматфункцыянальны тэрмінал з асноўным будынкам плошчай 600 м² — там зона грамадскага харчавання, туалеты, тэхналагічныя цэхі і склады.

Пабудаваны гасцявыя і службовыя стаянкі, спецыяльныя пляцоўкі для адпачынку. Ёсць участак для пасажырскага транспарту (2,5 га) з асобным кантрольна-прапускным пунктам. Для грузавікоў прадугледжана 706 паркавальных месцаў з сістэмай электроннай чаргі, плюс дадатковы накапляльнік на 90 фур. Ёсць пункты падключэння рэфрыжыратараў. Уся зона чакання займае 18 га.
