Беларус страціў 42 тысячы рублёў пасля таго, як пераслаў мала знаёмай жанчыне фотаздымкі твару, далоні і запясця
9- 29.01.2026, 10:05
- 6,198
Хацеў зняць «псоту».
Каля 80 тысяч рублёў аддалі варажбітцы двое беларусаў за зняцце псоты. Падрабязнасці здарэння паведамілі ў МУС, піша «Зеркало».
46-гадовая мінчанка расказала, што ў жніўні 2025 года ў яе паўсталі складанасці ў сям’і. Яна звярнулася да варажбіткі, 37-гадовай жыхаркі Стоўбцаў. Вядуння пасля раскладу карт Таро «вызначыла наяўнасць сур’ёзных праблем у яе і прапанавала зняць псоту з дапамогай платных абрадаў», паведамілі ў МУС. Мінчанка пагадзілася і за некалькі месяцаў пералічыла на рахунак таролага 37 тысяч рублёў.
Паводле аналагічнай схемы ахвярай махляркі стаў 53-гадовы жыхар Стоўбцкага раёна. Аб’яву пра зняцце псоты ён заўважыў у інтэрнэце.
«Варажбітка папрасіла яго даслаць фотаздымак твару, далоні і запясця. Пад уплывам вядунні мужчына ў суме пералічыў за аказаныя «паслугі» 42 тысячы рублёў», — паведамілі ў МУС.
Асобу фігуранткі ўстанавілі. Падазраваную затрымалі. Грошы яна патраціла на ўласныя патрэбы і прайграла ў анлайн-казіно.
Следчыя ўзбудзілі крымінальную справу за махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры. Жанчыне пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.