Рубіо: Ленін не прызнаў бы сістэму улады на Кубе
- 29.01.2026, 2:00
Сітуацыя на востраве выходзіць за межы марксісцкай або камуністычнай ідэалогіі.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіо падчас выступлення на слуханнях у камітэце Сената па міжнародных адносінах раскрытыкаваў палітычна-эканамічную мадэль Кубы і заявіў, што яна страціла ідэалагічную сувязь нават з заснавальнікамі камунізму.
Паводле Рубіо, сітуацыя на Кубе выходзіць за межы марксісцкай або камуністычнай ідэалогіі. У тым, што адбываецца, ён абвінаваціў кубінскі ўрад. «У краіне няма дзеяздольнай эканомікі. Можна называць гэтую сістэму марксізмам або камунізмам, але нават Ленін не прызнаў бы гэтую версію», — сказаў дзяржсакратар ЗША (цытата паводле Diario de Cuba).
Ён указаў на праблемы ў сельскіх раёнах Кубы, якія, на ягоную думку, былі выкліканыя не ЗША, а няздольнасцю ўладаў кіраваць эканомікай. «Як так атрымалася, што эмбарга прымусіла Кубу, найбуйнейшага ў свеце вытворцу цукру, імпартаваць цукар?» — задаўся пытаннем Рубіо.
Адказваючы на пытанне, ці чакаюць ЗША «змены рэжыму» на Кубе, Рубіо сказаў: «Вядома, мы хочам убачыць змену рэжыму».