«Калі людзі даведваліся, што перад імі беларус, які ўжо 50 дзён ідзе пешшу, выносілі мне ежу»
6- 28.01.2026, 21:16
- 3,328
Беларус прайшоў пешшу ад Вены да Стамбула.
Яўген Гуцалаў выйшаў з Вены, калі там было 23 градусы цяпла, а працягваў падарожжа пры мінус трох. За 54 дні ён пешшу пераадолеў 2500 кіламетраў і прайшоў праз сем краін, дасягнуўшы Стамбула. Ён сцвярджае, што з’яўляецца адзіным беларусам, які прайшоў увесь Sultan’s Trail — маршрут, што ў адваротным напрамку паўтарае шлях асманскіх султанаў і іх войскаў у Еўропу. Навошта такія выпрабаванні стомай і страхам, Яўген распавёў Most.
Сваё падарожжа Яўген пачаў у красавіку 2024 года. Стартаваў прынцыпова з самага цэнтра Вены.
Sultan’s Trail — пешаходны маршрут з Вены ў Стамбул. Найчасцей яго звязваюць з гістарычным шляхам войскаў султана Сулеймана Пышнага. Менавіта па гэтай дарозе, толькі ў адваротным напрамку, у XVI стагоддзі Асманская імперыя рухалася на Захад. На шляху падарожнікі збіраюць пячаткі ў спецыяльную кніжку — пашпарт.

Першую пячатку ў пашпарт падарожніка Яўген атрымаў у самым пачатку, у венскім саборы Святога Штэфана. Кажа, што псіхалагічна яму тады было складана: вакол утульны горад, звыклы камфорт, а наперадзе — 2500 кіламетраў пешшу.
«Першыя кіламетры — гэта не пра прыгажосць навокал. Гэта пра боль»
Менавіта пачатак шляху Яўген называе самым цяжкім: цела яшчэ не разумела, што з ім адбываецца.
«Першыя кіламетры — гэта не пра прыгажосць навокал. Гэта пра боль», — кажа ён.
Да старту Яўген рыхтаваўся загадзя: шмат гадоў займаўся спортам, хадзіў у працяглыя паходы, бегаў, трэніраваў вытрываласць. Тым не менш спачатку калені, плечы, ногі — усё нагадвала пра сябе. Першыя дзве тыдні ён ішоў па 20—30 хвілін і адпачываў па 40—60. Прызнаецца: тады думкі былі пра тое, як дайсці да наступнага прыпынку.
Але аднойчы раніцай гэта змянілася. Мужчына ўспамінае, што пачуў, як спявае салавей, і зразумеў: менавіта з такіх драбніцаў і складаецца дзень у доўгім падарожжы.
«Тут усё працуе разам: фізічная форма, досвед іншых паходаў і псіхалагічная гатоўнасць. Калі чагосьці з гэтага няма — шляху не вытрымаеш», — кажа Яўген.
Часам маршрут быў манатонным: з аднаго боку — Дунай, з другога — вадасховішча. І так — два-тры дні. Але суразмоўца падкрэслівае, што такое сола-падарожжа дае разуменне не адзіноты, а адказнасці.
«Тут ты за ўсё адказваеш сам».
І ўсё ж галоўнае на такім доўгім шляху — людзі, якіх сустракаюць падарожнікі. Не з кожным можна пагаварыць на адной мове, але нават жэстаў, усмешак, простых слоў хапае, каб патлумачыцца.
Аднойчы Яўген сустрэў іспанца, які таксама ішоў доўгім маршрутам: планаваў прайсці праз Расію да Уладзівастока. Пасля размоў з Яўгенам пра аддаленыя і небяспечныя рэгіёны той адмовіўся ад гэтай ідэі. Пазней Яўген сачыў за яго шляхам у Instagram.
Раніца пачынаецца з трох чарак па 15 грамаў
Звычайна Яўген начуе выключна ў намёце. Але ў Сербіі пачаліся працяглыя дажджы, і ён спыніўся ў пажылога жыхара. Гэта быў перыяд Вялікадня, а ў Сербіі існуе традыцыя: раніца пачынаецца з трох чарак па 15 грамаў ракіі — моцнага фруктовага алкаголю, папулярнага на Балканах. Да таго ж на Вялікдзень сербы смажаць парася і ўвесь час, пакуль яно гатуецца, п’юць ракію.
«Я зразумеў, што доўга так не вытрымаю», — усміхаецца Яўген. Неўзабаве ён рушыў далей.
Падчас падарожжа надвор’е моцна змянялася.
«Я стартаваў з Вены, калі там было +23 градусы. А праз некалькі тыдняў уначы тэмпература апусцілася да мінус трох. Ратавальная вопратка амаль не ратавала, я быў не гатовы да такога рэзкага перападу», — кажа Яўген.

Ён дадае, што, калі быў у дарозе не першы тыдзень, перастаў адчуваць час. На пытанне «Колькі ты ўжо ў дарозе?» было складана адказаць без тэлефона і падлікаў.
Аднойчы па дарозе Яўген убачыў будынак, які дзіўна нагадваў Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Гэта было адміністрацыйнае памяшканне.
«Я зайшоў, распавёў, што падарожнік, і ў выніку атрымаў пячатку ў пашпарт і невялікую экскурсію, — распавядае Яўген. — Так і ідзеш далей. І раптам з’яўляюцца мячэці, чарапіца — прыкметы таго, што Турцыя ўжо блізка».
Турцыю Яўген ведае добра: ён жыў там тры гады, шмат падарожнічаў, вывучаў турэцкую мову. Таму адчуваў сябе ўпэўнена. Быў ужо моцна загарэлы, і яго прымалі за свайго.
Ён заходзіў у чайныя, дзе мужчыны гулялі ў нешта падобнае да даміно. На самай справе гэта былі карты — у Турцыі такая гульня афіцыйна забароненая.
«Калі людзі даведваліся, што перад імі беларус, які ўжо 50 дзён ідзе пешшу, выносілі мне мясцовую ежу», — распавядае Яўген.

Аднойчы ў Турцыі навальніца застала яго ў полі. Вады не было, ежы амаль не засталося — толькі хуткаварная вермішэль. Мужчына ўспамінае: калі пачаліся грымоты і маланкі, прыйшоў сапраўдны, жывёльны страх.
«Я ўспомніў гісторыю з дзяцінства, якую распавядаў дзядуля: як людзі схаваліся ад маланкі пад дрэвам і загінулі. Я пачаў адлічваць секунды паміж успышкай і грымотамі, разумеючы, што цалкам залежу ад выпадку», — кажа ён.
«Я ўжо развітаўся з жыццём»
Напрыканцы маршруту на Яўгена напала зграя сабак — кангалаў — парода, большая за алабаёў. Ён быў у полі, дапамогі чакаць не было адкуль.
«Я ўжо развітаўся з жыццём, — прызнаецца ён. — Але арганізм уключыўся на максімум. Я пераскочыў праз агароджу, узлез на яе і неяк цудам — пры росце 168 сантыметраў — узабраўся на ёмістасць для вады вышынёй каля 180 сантыметраў».

Першымі відэа нападу ён паспеў падзяліцца ў Instagram, пасля чаго сувязь знікла. Паўтары гадзіны беларус сядзеў на бочцы, пакуль сабакі не сышлі.
Пазней высветлілася, што вялікай памылкай было свісцець у свісток — гэта зрабіла сабак яшчэ больш агрэсіўнымі. Цяпер Яўген заўсёды бярэ з сабой газавы балончык і пітарды.
«Доўгі шлях не робіць цябе героем»
У Стамбул Яўген прыйшоў амаль знясіленым. Ён знайшоў муніцыпалітэт, дзе яго сустрэлі па-даброму: напаілі чаем, паставілі пячаткі ў пашпарт падарожніка, накармілі мясцовай ежай і пазнаёмілі з футбольнай камандай.
Якраз тады турэцкая зборная перамагла ў спаборніцтвах, і на вуліцах было сапраўднае свята. Яно і зняло ўсю напружанасць апошніх дзён.
Увесь шлях абышоўся Яўгену прыкладна ў 1500 еўра, якія ён патраціў на ежу і ваду. Яўген рэдка начуе ў хостэлах, аддае перавагу намёту, здымае свае перамяшчэнні з дрона.
Пра Sultan’s Trail ён даведаўся выпадкова — у Instagram «прыгожай аўстрыйскай дзяўчыны», якая жыла ў Турцыі і падарожнічала на жоўтым аўтамабілі. Праз паўгода пасля таго, як ён убачыў яе шлях, сам выйшаў у дарогу.

«Доўгі шлях не робіць цябе героем. Але ты дакладна разумееш, хто ты ёсць і на што здольны», — кажа Яўген.
Цяпер ён рыхтуецца да новага выпрабавання — маршруту на 4000 кіламетраў. І, здаецца, зноў пачне з пункта, дзе камфорт яшчэ трымае яго, але ўжо вось-вось скончыцца.