Жыхарка Маларыты пабіла супрацоўніка ДАІ
11- 28.01.2026, 19:35
- 4,186
На пабіццё жанчынай паскардзіўся сам інспектар ДАІ.
Жыхарка Маларыты ў Брэсцкай вобласці ехала на электравеласіпедзе па праезнай частцы, сустрэла супрацоўнікаў ДАІ і ўдарыла аднаго з іх. Цяпер жанчыне пагражае да 7 гадоў турмы, падрабязнасці паведамілі ў міліцыі Брэсцкай вобласці.
Па-першае, мясцовая жыхарка парушыла Правілы дарожнага руху (ПДР): калі ехала на электравеласіпедзе па дарозе, стварала небяспеку для ўдзельнікаў руху, а таксама для ўласнага жыцця і здароўя.
Інспектары зрабілі жанчыне заўвагу і запатрабавалі сысці з праезнай часткі. Але — другое парушэнне — яна «аказала актыўны супраціў» і ўдарыла інспектара ДАІ. У выніку яе затрымалі і накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ).
У дачыненні да жыхаркі Маларыты ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле 364 («Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў») Крымінальнага кодэкса (КК). Пакаранне за гэта — арышт, або абмежаванне свабоды на тэрмін да 5 гадоў, або пазбаўленне волі, гэта значыць турэмнае зняволенне, на тэрмін да 7 гадоў.