2 лютага 2026, панядзелак, 20:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінчанка прадала кватэру і засталася без грошай

18
Мінчанка прадала кватэру і засталася без грошай

У Беларусі зноў спрацавала «схема Даліны».

Гісторыя пачалася на пачатку снежня мінулага года. 76-гадовай мінчанцы патэлефанаваў невядомы мужчына і пад выглядам замены дамофона выманіў код з СМС-паведамлення. Пенсіянерка надыктавала лічбы, і з гэтага моманту пачаўся ланцужок падману. Падрабязнасці паведамляе Следчы камітэт.

Праз нейкі час з жанчынай звязалася нібыта супрацоўніца банка. Яна папярэдзіла, што махляры аформілі на яе імя крэдыт пад заклад кватэры. Каб абараніць маёмасць, неабходна выканаць указанні супрацоўніка крэдытнага аддзела ДФР.

Ягоны званок не прымусіў сябе чакаць. Злачынец пераканаў пацярпелую прадаць нерухомасць — маўляў, гэта неабходна для яе захаванасці. Ён паабяцаў, што пазней дагавор анулююць і жыллё вернецца ў яе ўласнасць. Увесь гэты «спектакль» трываў паўтара месяца.

У студзені пенсіянерка ўсё ж прадала кватэру за $63 000. Грошы яна перадала махлярам.

Цікава, што на наступны дзень да жанчыны прыйшоў сапраўдны супрацоўнік міліцыі і спытаў, ці не мела яна зносінаў з махлярамі і ці не перадавала грошы, аднак запалоханая пенсіянерка ўсё адмаўляла. Пасля ахвяра паведаміла пра візіт участковага псэўдаправаахоўніку і атрымала дакладныя інструкцыі: нікому нічога не распавядаць і выдаліць усе паведамленні.

Падман выявіўся, калі праз пэўны час пацярпелая размаўляла з сястрой і між іншым згадала пра «спецаперацыю», тады ўзрушаная сваячка паведаміла пра тое, што адбылося, сыну жанчыны. Ён звярнуўся ў міліцыю.

У СК узбудзілі крымінальную справу па ч. 4 арт. 209 (махлярства, учыненае групай асоб у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса РБ. Дачыненых шукаюць.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках