2 лютага 2026, панядзелак, 20:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы даказалі, што мастацтва лечыць

6
Навукоўцы даказалі, што мастацтва лечыць

Наведванне музеяў і тэатраў змяняе нас на біялагічным узроўні.

Занятак творчасцю, наведванне музея, канцэрта, оперы або балета — гэта не проста прыемнае баўленне часу, высветлілі псіхабіёлагі з Універсітэцкага каледжа Лондана. Яны ўстанавілі, што любое ўзаемадзеянне з мастацтвам звязана з карыснымі зменамі ў бялках, якія ўдзельнічаюць у змяншэнні запалення і падтрыманні здароўя мозгу. На навіну звярнуў увагу сайт Naked Science.

«Мы выявілі цэлы шэраг новых біялагічных механізмаў, якія дапамагаюць патлумачыць сувязь паміж мастацтвам і здароўем», — кажа вядучы аўтар даследавання, прафесар Дэйзі Фанкорт. Вынікі найбуйнейшага даследавання на гэтую тэму апублікаваныя на сайце прэпрынтаў medrxiv.org.

Даследчыкі прааналізавалі ўзоры крыві каля шасці тысяч дарослых брытанцаў, сярэдні ўзрост якіх складаў 53 гады. Навукоўцаў цікавілі 184 бялкі крыві, звязаныя з працай сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм, а таксама з абменам рэчываў. Яны супаставілі профіль гэтых бялкоў у крыві з тым, якое месца ў жыцці гэтых людзей займаюць мастацтва і культура.

Удзельнікаў падрабязна распытвалі, як часта яны за апошні год наведвалі музеі, выставы, канцэрты, оперу, балет, бібліятэкі, аб’екты культурнай спадчыны, ці займаюцца яны самі нейкай творчасцю — танцамі, спевамі, іграю на музычных інструментах, жывапісам, фатаграфіяй, рукадзеллем і гэтак далей.

Высветлілася, што чым больш мастацтва і культуры было ў жыцці ўдзельнікаў даследавання, тым ніжэй быў узровень 12 бялкоў і тым вышэй — шасці — у іх крыві. Узровень гэтых бялкоў адлюстроўвае такія біялагічныя працэсы ў арганізме, як праліферацыя (размнажэнне) клетак, перадача сігналаў паміж клеткамі, рэгуляцыя актыўнасці імуннай сістэмы і запаленне.

Потым даследчыкі супаставілі гэтыя вынікі з данымі пра здароўе ўдзельнікаў, сабранымі за 20 гадоў. У выніку высветлілася, што ў людзей, чый жыццёвы лад у значнай ступені звязаны з творчасцю і мастацтвам, зніжаная рызыка інсульту, раку, гіпертаніі, ішэмічнай хваробы сэрца, дыябету другога тыпу, астмы, хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх, артрыту, дэпрэсіі і дэмэнцыі. 70% бялкоў, узроўні якіх былі зменены ў творчых людзей, аказаліся звязаныя як мінімум з адным захворваннем.

Пры гэтым творчасць і мастацтва асабліва карысныя для мозгу. Чым больш іх у жыцці чалавека, тым вышэй узровень спецыфічных бялкоў, якія пераважна выпрацоўваюцца ў галаўным мозгу. Вядома, што дэфіцыт гэтых бялкоў звязаны з хваробай Альцгеймера, біпалярным засмучэннем, шызафрэніяй, дэпрэсіяй і эпілепсіяй. А больш высокія іх узроўні звязаныя з большым аб’ёмам шэрага і белага рэчыва мозгу, лепшымі кагнітыўнымі функцыямі і ніжэйшай рызыкай нейрадэгенерацыі і псіхічных засмучэнняў.

Такім чынам, за дабратворным уплывам мастацтва і творчасці на здароўе ў цэлым і здароўе мозгу ў прыватнасці стаяць рэальныя біялагічныя працэсы, адзначаюць даследчыкі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках