Кіраўнік МЗС Украіны: Наша мэта адносна сяброўства ў НАТА застаецца нязменнай
- 27.01.2026, 23:54
Кіеў не збіраецца змяняць курс.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга адзначыў, што Украіна не змяняла курса на сяброўства ў НАТА, нягледзячы на ўсе падзеі апошніх месяцаў.
Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю «Еўрапейскай праўдзе».
На пытанне пра тое, ці застаецца ўступленне ў Паўночнаатлантычны альянс мэтай Украіны, міністр адказаў станоўча.
«Так, наша мэта нязменная. Я ўдзячны вам за тое, што вы пастаянна пра гэта пытаецеся, я гатовы гэта паўтараць. Бо адносна гэтай мэты не павінна быць ніякіх сумневаў. Мэта ўступлення ў НАТА замацаваная ў Канстытуцыі, гэта выбар нашага народа», — падкрэсліў Сібіга.
Ён падкрэсліў, што ніводная трэцяя краіна — а перадусім Расія — не можа блакаваць сяброўства Украіны ў любым альянсе або саюзе.
«Так, цяпер у НАТА няма кансенсусу адносна ўступлення Украіны, гэта таксама праўда. Але мы наладзілі вельмі дзеяннае і палітычна-практычнае ўзаемадзеянне. Мяне пастаянна запрашаюць на сустрэчы міністраў краін НАТА. Да нас прыязджалі паслы ключавых дзяржаў НАТА, уключаючы амерыканскага пасла Ўітакера», — дадаў Сібіга.
Ён таксама пацвердзіў, што дэлегацыя ездзіла нават на камандны пункт Сіл абароны Украіны на адным з участкаў фронту. «Гэта праўда. І яны размаўлялі з нашымі вайскоўцамі. Я ведаю, як гэта ўздзейнічае на замежных чыноўнікаў», — сказаў Андрэй Сібіга.