27 студзеня 2026, aўторак, 20:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто скупляе ўсё золата?

3
Хто скупляе ўсё золата?

Падобна, што гэта не цэнтральныя банкі.

Рост цэн на золата ў апошнія месяцы часта тлумачаць маштабнымі закупамі з боку цэнтральных банкаў, якія нібыта імкнуцца адысці ад долара на фоне геапалітычных рызык. Аднак свежыя даныя прымушаюць засумнявацца ў тым, што менавіта рэгулятары застаюцца галоўным рухавіком рынку, піша Financial Times (пераклад — сайт Charter97.org).

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе сусветныя цэнтрабанкі сапраўды рэзка павялічылі закупы золата — да больш як 1 тыс. тон у год. Гэта падсілкавала тэзіс пра «канец доларавай эпохі», які актыўна прасоўваюць інвестары кшталту Рэя Даліа. Але актуальная статыстыка ўжо не такая адназначная.

У адрозненне ад біржавых інвестыцыйных фондаў, дзе попыт з боку прыватных інвестараў бачны амаль у рэальным часе, даныя па цэнтрабанках публікуюцца з затрымкай. Таму аналітыкі выкарыстоўваюць ускосныя індыкатары — перадусім мытную статыстыку. Лондан застаецца найбуйнейшым сусветным хабам гандлю золатам, а экспарт золата з Вялікабрытаніі лічыцца паказчыкам пакупак цэнтрабанкаў.

І тут карціна змяняецца. З улікам цэн брытанскі экспарт золата зніжаецца ўжо каля года. У лістападзе пастаўкі ў фізічным аб'ёме ўпалі больш як на 80% у гадавым выражэнні. Гэта дрэнна стасуецца з ідэяй пра тое, што працягваецца актыўнае пераразмеркаванне рэзерваў на карысць золата.

Нават Кітай, найбуйнейшы пакупнік апошніх гадоў, дэманструе запаволенне. Хоць Пекін афіцыйна павялічваў запасы 14 месяцаў запар, лістападаўскія пастаўкі з Лондана склалі менш за 10 тон, што прыкметна ніжэй за ранейшыя тэмпы. Падобныя сігналы даюць даныя па сховішчах Лонданскай асацыяцыі рынку драгметалаў (LBMA): рост запасаў у сховішчах звычайна супадае з нізкім экспартам, а значыць — са слабым попытам з боку цэнтрабанкаў.

Эксперты адзначаюць, што пры росце цэн цэнтрабанкі часта зніжаюць аб'ёмы пакупак, імкнучыся захаваць долю золата ў рэзервах, а не павялічваць яе любай цаной. На гэтым фоне ўсё больш верагодна, што цяперашні рост катыровак тлумачыцца не стратэгіяй дзяржаў, а спекулятыўным попытам з боку інвестараў.

Інакш кажучы, залатая ліхаманка працягваецца — але яе крыніца, падаецца, ужо не ў кабінетах цэнтрабанкаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках