27 студзеня 2026, aўторак, 18:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Словы Зяленскага пра Беларусь — адказ Трампу

1
Палітолаг: Словы Зяленскага пра Беларусь — адказ Трампу
Уладзімір Фесенка

Украіна выступае супраць вываду Лукашэнкі з ізаляцыі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі літаральна за тры дні — на форуме ў Давосе і на гадавіне паўстання Кастуся Каліновскага у Вільнюсе — двойчы казаў пра беларусаў.

Ён успомніў пра пратэсты 2020 года, казаў пра еўрапейскую будучыню Беларусі, непазбежнасць дэмакратычных перамен.

Чаму столькі ўвагі да нашай краіны? Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фесенкам:

— Думаю, гэта звязана з тым, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, на жаль, узяла курс на вывад Лукашэнкі з ізаляцыі. Ідзецца і пра кантакты з Лукашэнкам, і пра запрашэнне яго ў «Савет міру», якое ён, натуральна, з радасцю прыняў, гэта таксама форма легітымізацыі.

Усё гэта супярэчыць пазіцыі Украіны, пазіцыі нашых еўрапейскіх партнёраў і, вядома, гэта сур'ёзны ўдар і па беларускай апазіцыі.

Зяленскі пачаў падымаць гэтую тэму, у тым ліку праводзіць паралелі паміж пратэстамі, якія былі ў Беларусі ў 2020 годзе, і тым, што нядаўна адбылося ў Іране. Актыўна тэма сітуацыі ў Беларусі ўздымалася ў такой ярка-вобразнай форме на сустрэчы трох лідараў «Люблінскага трохкутніка». Гэта найперш рэакцыя якраз на тое, што Лукашэнку выводзяць з ізаляцыі.

Словы Зяленскага — хоць і не прамы, але адказ на дзеянні адміністрацыі Трампа, якія ў Кіеве і ў Еўропе лічаць не зусім правільнымі. Так, там ёсць пазітыўны эфект — вызваленне палітвязняў, але ўсё ж Лукашэнка ад гэтага атрымлівае значна больш, і галоўнае (што ў трампаўскім стылі) — каштоўнасці нічога не значаць, а галоўнае — пэўны прагматычны вынік, які пакуль даволі адносны. Таму словы Зяленскага звязаныя з канкрэтнымі абставінамі цяперашняй сітуацыі.

— Ці можа Украіна стаць адным з лідараў у падтрымцы дэмакратычных змен у Беларусі, як Літва і Польшча?

— Можа, але ў поўным аб'ёме ўжо пасля заканчэння вайны. Люблінскі трохкутнік — Літва-Польшча-Украіна — можа стаць міжнароднай пляцоўкай такой падтрымкі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках