27 студзеня 2026, aўторак, 15:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Разведка ЗША паведаміла Трампу, што рэжым у Іране знаходзіцца ў найслабейшым стане

4
Разведка ЗША паведаміла Трампу, што рэжым у Іране знаходзіцца ў найслабейшым стане

З часоў рэвалюцыі 1979 года.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп атрымаў шматлікія даклады ад амерыканскай разведкі пра тое, што рэжым у Іране знаходзіцца ў найслабейшай пазіцыі з часоў рэвалюцыі 1979 года.

Пра гэта паведамляе The New York Times са спасылкай на крыніцы.

Паводле паведамленняў разведкі ЗША, пратэсты, што ўспыхнулі напрыканцы мінулага года, пахіснулі пэўныя элементы іранскага ўрада. Дэманстрацыі распаўсюдзіліся на тыя рэгіёны краіны, што, на думку афіцыйных асоб, былі аплотам падтрымкі вярхоўнага лідара Ірана, аяталы Алі Хаменеі.

Хаця пратэсты ўдалося падавіць, іранскі рэжым застаецца ў складаным становішчы. Разведвальныя даклады ЗША неаднаразова падкрэслівалі, што эканоміка Ірана слабая.

Эканамічныя цяжкасці і справакавалі масавыя пратэсты напрыканцы снежня. Іранскія чыноўнікі ўжылі жорсткія рэпрэсіі, што яшчэ больш аддаліла шырокія пласты насельніцтва ад падтрымкі ўлады.

Цяпер амерыканскія вайскоўцы нарошчваюць свае сілы ў рэгіёне, але незразумела, якія крокі можа разглядаць адміністрацыя Дональда Трампа.

Па стане на панядзелак, 26 студзеня, авіяносец «Абраам Лінкальн» у суправаджэнні трох ваенных караблёў, абсталяваных ракетамі Tomahawk, увайшоў у зону адказнасці Цэнтральнага камандавання ЗША ў заходняй частцы Індыйскага акіяна. Паводле вайскоўцаў, калі Белы дом загадае нанесці ўдар па Іране, авіяносец зможа атакаваць краіну на працягу аднаго-двух дзён.

Прэзідэнт ЗША раней папярэджваў, што можа нанесці ўдар па Іране з-за ўзмацнення рэпрэсій урада супраць пратэстоўцаў. Аднак яго дарадцы разышліся ў меркаваннях адносна пераваг удараў, асабліва калі ідзе гаворка пра «сімвалічныя» атакі па ўрадавых структурах, датычных да рэпрэсій.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках