27 студзеня 2026, aўторак, 13:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расіі масава закрываюцца банкі

2
У Расіі масава закрываюцца банкі

У мінулым годзе ліквідавана ў 3,6 раза больш офісаў, чым годам раней.

У 2025 годзе расійскія банкі рэзка паскорылі закрыццё аддзяленняў па ўсёй краіне. Усяго было ліквідавана каля 1,7 тыс. офісаў, што ў 3,6 раза больш, чым годам раней. Паказчык аказаўся адным з самых высокіх за перыяд назіранняў з 2019-га і рэкордным з 2021 года, калі было закрыта крыху больш за 1,7 тыс. аддзяленняў. У выніку да пачатку 2026 года колькасць банкаўскіх аддзяленняў скарацілася да 22,3 тыс. супраць 30 тыс. сем гадоў таму. Гэта вынікае з дадзеных Цэнтрабанка, якія вывучылі «Известия».

Найбольшая частка скарачэнняў у мінулым годзе прыпала на «Сбер», які закрыў больш за 900 офісаў — амаль удвая больш, чым у 2024-м. Пры гэтым менавіта гэты банк адыгрывае ключавую ролю ў забеспячэнні даступнасці банкаўскіх паслуг у аддаленых рэгіёнах. У ЦБ адзначылі, што высокая колькасць закрыццяў звязана з тым, што крэдытныя арганізацыі ўсё актыўней пераносяць абслугоўванне ў дыстанцыйны фармат для зніжэння выдаткаў і павышэння рэнтабельнасці. У той жа час у рэгулятары падкрэслілі, што пры закрыцці аддзяленняў у невялікіх населеных пунктах банкі павінны забяспечваць альтэрнатыўныя «фізічныя» кропкі абслугоўвання з-за часовых перабояў з інтэрнэтам. Акрамя таго, з-за санкцый супраць большасці расійскіх банкаў для ўстаноўкі праграм і захавання доступу да дыстанцыйных сэрвісаў людзям нярэдка патрэбны асабісты візіт у аддзяленне.

Найчасцей кліенты прыходзяць у офісы па атрыманне картак, «жывыя» кансультацыі і даведкі на паперы, паведамілі ў банку «Санкт-Пецярбург». «Большасць візітаў звязана са складанымі здзелкамі, якія патрабуюць асабістай прысутнасці, напрыклад з афармленнем іпатэкі, а таксама са зняццем буйных сум наяўных», — дадаў дырэктар дэпартамента рознічных прадуктаў «Новікома» Іван Бяляеў.

Асобную ролю офісы адыгрываюць у барацьбе з махлярамі: праз узмацненне антыфрод-захадаў расіянам усё часцей даводзіцца прыходзіць у банк для зняцця блакіровак, працы з базай дропераў і аднаўлення доступу да прыкладанняў, кажа куратар платформы «Мошеловка» Ала Храпунова. Блакіроўка падазроных пералічэнняў можа цягнуцца да двух сутак, і калі дыстанцыйна пацвердзіць аперацыю не атрымліваецца, кліенту прапануюць прыйсці ў офіс з пашпартам, удакладніў вядучы аналітык AMarket Ігар Расторгуеў.

У перспектыве пяці гадоў колькасць банкаўскіх офісаў можа скараціцца яшчэ ў 2–2,5 раза і знізіцца да 11–12 тыс. аддзяленняў на ўсю Расію, дапусціла вядучая аналітык Freedom Finance Global Наталля Мільчакова. Гэтаму будзе спрыяць далейшая лічбавізацыя, укараненне штучнага інтэлекту і запуск лічбавага рубля восенню 2026 года. Пры гэтым поўнай адмовы ад офісаў не будзе: найбуйнейшыя банкі захаваюць сеткі там, дзе яны запатрабаваныя, асабліва ў малых гарадах і вёсках, лічыць эксперт.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках