27 студзеня 2026, aўторак, 12:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал Бундэсвера: Расія нападзе на краіны НАТА цягам двух-трох гадоў

3
Генерал Бундэсвера: Расія нападзе на краіны НАТА цягам двух-трох гадоў
Геральд Функе

Германія будзе ў эпіцэнтры падзей.

Нямецкі генерал-лейтэнант Геральд Функе лічыць, што Расія нападзе на краіны НАТА цягам двух-трох гадоў, а Германія апынецца ў эпіцэнтры падзей.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю газеце Times.

Функе распавёў журналістам, што, на яго думку, паводле найгоршага сцэнару магчымай атакі РФ на НАТА адной з галоўных праблем стане лагістыка.

Паводле слоў генерала, ідзе пра тое, што дзесяткі тысяч салдат саюзнікаў трэба будзе перакінуць на перадавую ў той час, калі галоўныя аўтамабільныя і чыгуначныя маршруты могуць апынуцца пашкоджанымі ў выніку расійскіх дыверсій, кібератак і, магчыма, удараў ракет вялікай далёкасці.

Акрамя таго, патэнцыйнай праблемай можа стаць велізарная колькасць параненых, якая перапоўніць бальніцы Германіі ў маштабах, супастаўных з «найбольш змрочнымі днямі» пандэміі каранавіруса.

Бундэсвер мае пяць уласных шпіталяў на 1800 ложкаў, якія хутка будуць перагружаныя. Таму Камандаванне падтрымкі Узброеных сіл Германіі і федэральнае Міністэрства аховы здароўя падзелілі сетку грамадзянскіх бальніц на чатыры секцыі, якія можна зарэзерваваць для параненых у крызіснай сітуацыі.

«Калі ў Афганістане ў мяне, на жаль, была вялікая, але кіраваная колькасць параненых, то цяпер мне даводзіцца планаваць магчымасць прыёму да тысячы параненых на дзень. Чым уважлівей на гэта глядзіш, тым больш складаным гэта становіцца і тым цяжэй гэта ўявіць», — распавядае вайсковец.

Паводле яго слоў, найбольш уразлівай часткай абароны Германіі пры магчымым расійскім нападзе будзе лагістыка.

«Для нас важна захаваць Германію як лагістычны цэнтр і як мага даўжэй забяспечваць максімальна бесперабойную працу ліній забеспячэння, а гэта азначае, што калі адзін маршрут выйдзе з ладу, мы павінны мець магчымасць выкарыстоўваць іншыя», — дадае Функе.

Камандаванне Функе, якое было створанае ў выніку маштабнай рэарганізацыі нямецкіх узброеных сіл летась, цяпер распрацоўвае сучасную версію складанай сістэмы часоў халоднай вайны для рэквізіцыі (канфіскацыі — рэд.) грузавікоў, вагонаў, прадуктаў харчавання і асабовага складу ў каласальных маштабах.

Генерал ініцыяваў «рэзервовыя» пагадненні з нацыянальным чыгуначным аператарам Deutsche Bahn, паводле якіх той мусіць падаваць цягнікі для перавозкі вайсковай тэхнікі на працягу трох дзён пасля апавяшчэння.

Яшчэ адной складанасцю з’яўляецца нямецкая прававая сістэма, распавядае Функе. Пэўныя ваенныя меры могуць быць задзейнічаныя толькі пры ўмове, што дзве трэці дэпутатаў прагаласуюць за абвяшчэнне «стану напружанасці» або «стану нацыянальнай абароны», што зусім няпроста для парламента, дзе больш як трэць месцаў займаюць радыкальныя левыя і прыхільныя да Расіі ультраправыя.

Аналітыкі папярэджваюць, што краіне можа спатрэбіцца занадта шмат часу, каб выйсці з мірнага рэжыму ў ўмовах імклівага крызісу. Генерал Бундэсвера дадаў, што жорсткі падзел паміж мірам і вайной — састарэлая спадчына XX стагоддзя, з тых часоў, калі гібрыдная вайна не дасягнула таго ўзроўню, які назіраецца сёння.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках