Пастаўкі знішчальнікаў Mirage 2000 для Украіны працягваюцца
- 27.01.2026, 5:56
Таксама працягваецца падрыхтоўка пілотаў.
Працэс перадачы Украіне французскіх знішчальнікаў Mirage 2000 працягваецца. Пра гэта заявіў пасол Францыі ў Украіне Гаэль Весьер у інтэрв’ю «Інтэрфакс-Украіна».
«Вядома, праграма працягваецца. Падрыхтоўка пілотаў таксама працягваецца», — сказаў ён у размове з журналістамі.
Весьер не стаў раскрываць падрабязнасці пра колькасць ужо перададзеных Украіне знішчальнікаў, каб не даваць інфармацыю ворагу.
Таксама пасол Францыі ў Украіне адрэагаваў на паведамленні ў СМІ пра дэфіцыт ракет SCALP. Ён прызнаў, што ў краіны сапраўды няма велізарных запасаў, а вытворчасць гэтых ракет займае шмат часу, але Парыж робіць усё магчымае.
Весьер запэўніў, што Францыя ў сферы ваеннай падтрымкі імкнецца рабіць вельмі шмат, застаючыся максімальна сінхранізаванай з рэальнымі патрэбамі ЗСУ. Ён падкрэсліў, што Францыя хоча бачыць Украіну ваенна моцнай.
«Нам патрэбная моцная Украіна — у прыватнасці, ваенна моцная, — каб Украіна знаходзілася ў найлепшай магчымай пазіцыі, у тым ліку на перамовах», — заявіў дыпламат.