26 студзеня 2026, панядзелак, 22:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палякі масава вяртаюцца дадому з Вялікабрытаніі

1
Палякі масава вяртаюцца дадому з Вялікабрытаніі

Што прымушае грамадзян Польшчы, якія дзесяцігоддзямі працавалі ў Вялікабрытаніі, з’язджаць адтуль.

Аркадзь Жэгоцкі, экс-пасол Польшчы ў Вялікабрытаніі, — пра эканамічны ўздым ягонай краіны і пераломны момант для брытанскага рынку працы.

Эканамічны рост і павышэнне ўзроўню жыцця ў Польшчы прывялі да таго, што на пачатак 2026 года больш за 400 тыс. грамадзян краіны вярнуліся з Вялікабрытаніі на Радзіму. Пра гэта NV распавёў Аркадзь Жэгоцкі, пасол Польшчы ў Вялікабрытаніі ў 2016—2021 гадах.

Да гэтага ў снежні 2025 года «Польскае радыё» паведамляла, што цягам года з Вялікабрытаніі з’ехалі 25 тыс. палякаў, а прыбылі туды за той жа час толькі 7 тыс.

«На нашых вачах адна з посткамуністычных эканомік Еўропы ператвараецца ў краіну з дынамічным развіццём», — падкрэслівае дыпламат.

У пачатку 2000-х гадоў Злучанае Каралеўства стала для многіх палякаў крыніцай дабрабыту. Наплыў ахвотных зарабіць пачаўся адразу пасля ўступлення Польшчы ў Еўрасаюз у 2004-м. А ў 2006 годзе быў зафіксаваны рэкорд па колькасці прыезджых палякаў — у Вялікабрытанію заехала да 250 тыс. чалавек.

Успамінаючы тыя часы, Жэгоцкі кажа, што польскія сантэхнікі ператварыліся ў сімвал міграцыі працоўнай сілы. І гэта працягвалася аж да рэферэндуму Brexit — галасавання за выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза ў чэрвені 2016 года.

Аднак эканамічны ўздым Польшчы прыцягнуў работнікаў дадому пасля многіх гадоў за мяжой. Паводле слоў Жэгоцкага, нават брытанцы цяпер пераязджаюць жыць у Польшчу з-за нізкіх выдаткаў на пражыванне.

Экс-пасол прыводзіць наступную статыстыку: за апошнія 10 гадоў колькасць брытанцаў у Польшчы павялічылася з 40 да 185 тыс. Эксперты ААН пацвярджаюць ягоныя словы — у 2025 годзе Польшча заняла сёмае па папулярнасці месца для выезду грамадзян Вялікабрытаніі. А першая тройка — гэта англамоўныя Аўстралія, ЗША і Канада.

Суразмоўцы NV скардзяцца на тое, што кошт жыцця ў Вялікабрытаніі не адпавядае якасці жыцця. Так, калі ў Варшаве праезд на аўтобусе, метро і трамваі каштуе да 25 еўра ў месяц, то ў Лондане толькі за метро давядзецца выкласці мінімум 280 еўра.

Еўропа, як вызначае Жэгоцкі, стала сведкам «фантастычнага эканамічнага павароту». Адначасова ён раіць Лондану зрабіць правільныя высновы: адток польскіх работнікаў ужо стварыў прабелы ў важных галінах эканомікі Вялікабрытаніі, такіх як сельская гаспадарка, лагістыка і медыцына.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках