Нідэрланды і Аўстрыя абмежавалі перамяшчэнне расійскіх дыпламатаў
3- 26.01.2026, 20:18
- 1,002
Расійскіх дыпламатаў абавяжуць загадзя паведамляць кіраўніцтву краін знаходжання пра свае паездкі.
МЗС Нідэрландаў паведаміў пасольству Расіі, што краіна ўводзіць абмежаванні на перамяшчэнне для дыпламатаў з Расіі. МЗС Аўстрыі ўвёў апавяшчальны парадак ўезду для неакрэдытаваных у рэспубліцы дыпсупрацоўнікаў з Расіі. Пра гэта паведамілі «РИА Новости» са спасылкай на дыпмісіі ў Гаазе і Вене.
«На мінулым тыдні Міністэрства замежных спраў Каралеўства афіцыйна праінфармавала пасольства РФ у Нідэрландах аб увядзенні дадзенага парадку перамяшчэння», — сказалі ў нідэрландскім пасольстве.
У пасольстве ў Вене паведамілі пра атрыманне ноты ад аўстрыйскіх уладаў, якая прадугледжвае «апавяшчальны парадак ўезду і транзіту расійскіх супрацоўнікаў дыпламатычнага, адміністрацыйна-тэхнічнага або службовага персаналу», не акрэдытаваных у Аўстрыі. Пра іншыя абмежаванні не паведамлялася.
19-ы пакет антырасійскіх санкцый ЕС прадугледжвае, што перамяшчэнні дыпламатаў з Расіі ўнутры Еўрасаюза будуць абмежаваныя тэрыторыяй краіны акрэдытацыі. Расійскіх дыпламатаў абавяжуць загадзя паведамляць кіраўніцтву краін знаходжання пра свае паездкі. У ЕС патлумачылі новыя абмежаванні неабходнасцю павысіць інфармаванасць пра замежных дзяржаўных службоўцаў «на фоне росту варожай выведвальнай дзейнасці». Абмежаванні павінны былі ўступіць у сілу з 25 студзеня.