Як Расія падманам заваблівае на фронт замежнікаў
- 26.01.2026, 18:44
- 1,732
Многія гінуць на фронце ва Украіне ў першыя 72 гадзіны.
Эмануэль з Камеруна ўжо аднойчы спрабаваў палепшыць жыццё, адправіўшыся па папулярным міграцыйным маршруце з Афрыкі ў Еўропу, але быў дэпартаваны з Італіі. Вярнуўшыся дадому, ён зноў застаўся без працы, а ягоная сям’я апынулася ў даўгах з-за праваленай спробы эміграцыі, піша The Telegraph (пераклад — сайт Charter97.org).
У Камеруне многія мараць пра эміграцыю — палова насельніцтва краіны маладзейшая за 20 гадоў, а беспрацоўе ў буйных гарадах дасягае 35%. Апытанні паказваюць, што 51% камерунцаў хаця б раз задумваліся пра эміграцыю. Гэта стварыла выгадны бізнес для агенцтваў па працаўладкаванні, пасярэднікаў і візавых фіксараў, якія актыўна рэкламуюць свае паслугі ў сацыяльных сетках.
Аднак махлярства і эксплуатацыя ў гэтым сектары — звычайная з’ява.
Калі Эмануэль убачыў магчымасць заробку ў Расіі, ён згадзіўся. У абвестках гаварылася, што праца будзе звязаная з арміяй, але далёка ад фронту — ахоўнікам або кухарам.
«Я не доўга думаў, вырашыў, што зарплата і іншыя льготы дазволяць нарэшце дапамагчы сям’і выбрацца з беднасці», — распавёў Эмануэль даследчыкам Французскага інстытута міжнародных адносін (IFRI).
Але, як і тысячы іншых, яго падманулі: замест працы ў тыле яго адправілі на фронт, дзе сярэдняя працягласць жыцця навабранца — каля 72 гадзін.
Сотні маладых людзей з Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі пайшлі тым самым шляхам, калі камандзіры Расіі пачалі выкарыстоўваць глабальны пул адчайных мігрантаў для папаўнення войска.
Паводле ўкраінскіх даных, Расія штодзённа страчвае да 1000 чалавек забітымі або параненымі, што стварае велізарную патрэбу ў новых кадрах. Хоць большасць рэкрутаў па-ранейшаму — бедныя расіяне, на полі бою ўсё часцей з’яўляюцца замежныя найміты.
Апытанне больш як 10 000 расійскіх ваеннапалонных паказала, што 7% з іх — замежнікі з 40 краін. Усяго, паводле ацэнкі Кіева, Расія прыцягнула 18 000 замежнікаў са 128 краін, з якіх 3 300 загінулі.
Рэкрутынг часта нагадвае схемы гандлю людзьмі. У Афрыцы вербоўшчыкі, ужо ўцягнутыя ў працоўную міграцыю, наймаюць суайчыннікаў для накіравання ў Расію. «Гэта эксплуатацыя мігрантаў, і Расія выкарыстоўвае існуючыя сеткі ў краінах з вялікай колькасцю мігрантаў», — патлумачыў даследчык IFRI Цьеры Віркулон.
Прывабнасць для многіх афрыканцаў — высокая зарплата (каля $2 300 у месяц), бонусы накшталт расійскага пашпарта і ўражанне пра сяброўскую краіну. Дзесяцігоддзі ўплыву часоў халоднай вайны, калі Расія пазіцыянавала сябе як антыкаланіяльны саюзнік Афрыкі, узмацняюцца сацыяльнымі сеткамі.
Відэаблогераў з Афрыкі запрашаюць у Расію, дзе яны распавядаюць пра магчымасці і дэманструюць раскошны лад жыцця.
Рэкрутынг закранае не толькі мужчын. Жанчын падманваюць абяцаннямі працы на заводах дронаў у Татарстане. Многія замежнікі, што апынуліся на фронце, кажуць, што ім абяцалі грамадзянскія пасады.
У адным відэа 43-гадовы ўраджэнец Уганды Рычард Аканторан распавёў, што патраціў грошы на паездку ў Расію, спадзеючыся на працу прыбіральшчыкам або ахоўнікам. Па прыбыцці яго адразу накіравалі ў армію.
«Калі абяцаюць добра аплачваную працу ў Расіі, у выніку вы апыняецеся ў арміі. Лепш заставацца ў Афрыцы», — папярэджвае ён.
Некаторыя краіны Афрыкі, уключаючы ПАР і Кенію, ужо папярэдзілі сваіх грамадзян пра рызыкі вербоўкі ў расійскую армію і патрабуюць вяртання сваіх грамадзян з Расіі.