Навукоўцы растлумачылі, чаму кацінае мяуканне — інструмент маніпуляцыі
3- 26.01.2026, 17:34
- 2,590
Гэты набор гукаў быў створаны для зносін з людзьмі.
Новае даследаванне навукоўцаў з Берлінскага музея прыродазнаўства і Універсітэта Неапаля імя Федэрыка II паказала: кацінае муркатанне з'яўляецца стабільным «лічбавым подпісам» асобы, тады як мяуканне — гнуткі набор гукаў, які эвалюцыянаваў спецыяльна для зносін з людзьмі, піша SciTechDaily.
Навукоўцы выкарысталі метады аўтаматычнага распазнавання маўлення і прааналізавалі запісы з архіва жывёльных гукаў. Параўнаўшы вакалізацыю хатніх і дзікіх катоў, даследчыкі высветлілі, што менавіта жыццё побач з чалавекам зрабіла кацінае «мяу» такім разнастайным.
«Мы прызвычаіліся звяртаць увагу на мяуканне, бо каты адрасуюць яго менавіта нам, — тлумачыць Даніла Русо, вядучы аўтар працы, — але калі паглыбіцца ў акустычную структуру, то менавіта раўнамернае, рытмічнае муркатанне аказваецца найлепшым спосабам распазнаць канкрэтную жывёлу».
Камп'ютарныя мадэлі, якія звычайна выкарыстоўваюць для распазнавання чалавечага голасу, значна дакладней ідэнтыфікавалі ката па яго муркатанні, чым па мяуканні. Сааўтарка даследавання Анья Шыльд дадае, што кожны кот у групе меў свой непаўторны «тэмбр» муркатання. Гэты гук звычайна нараджаецца ў моманты спакою, пры кантакце з гаспадаром або паміж мамай-кошкай і кацянятамі. Гэта пэўны інтымны код, які не патрабуе змяненняў.
Мяуканне — зусім іншая гісторыя. Гэта сапраўдны «швейцарскі нож» у свеце гукаў. Каты выкарыстоўваюць яго, каб выпрасіць ежу, прыцягнуць увагу або нават выказаць незадаволенасць. З-за такой шматфункцыянальнасці мяуканне аднаго і таго ж ката можа моцна адрознівацца ў залежнасці ад сітуацыі.
Каб зразумець, як узнікла гэтая розніца, біёакустыкі параўналі галасы хатніх котак з пяццю відамі іх дзікіх сваякоў, у прыватнасці гепардамі і ляснымі катамі. Вынік уразіў: хатнія пухнатыкі мяукаюць значна разнастайней, чым дзікія віды.
Мір'ям Кнерншыльд, кіраўніца даследавання, лічыць, што жыццё з людзьмі, чые звычкі і рэакцыі пастаянна змяняюцца, прымусіла катоў стаць «лінгвістамі». Тыя, хто ўмеў гнутка падстройваць сваё мяуканне пад настрой гаспадара, атрымлівалі больш пераваг.