«Лукойл» б'е трывогу
- 26.01.2026, 16:11
- 2,344
Кампанія папрасіла дапамогі з бюджэту з-за абвалу цэн на расійскую нафту.
Абвал цэн на расійскую нафту, якая прадаецца са зніжкай амаль 50% у параўнанні з сусветнымі каціроўкамі, вымусіў найбуйнейшую прыватную нафтавую кампанію Расіі звярнуцца па дапамогу да ўрада.
«Лукойл», які трапіў пад санкцыі ЗША, просіць Мінэнерга змяніць парадак падаткаабкладання, каб атрымліваць выплаты з федэральнага бюджэту, паведамляюць «Известия» са спасылкай на ліст, які кампанія накіравала ў Кабмін.
Паводле выдання, «Лукойл» просіць змяніць формулу дэмпфернага механізму, які быў уведзены ў 2018 годзе, каб стабілізаваць цэны на бензін. Цяпер паводле дэмпфернага механізму дзяржава даплачвае нафтавікам з казны, калі ўнутраныя цэны на паліва трымаюцца ніжэй за сусветныя. Калі ж сітуацыя адваротная, з кампаній спаганяецца дадатковы падатак.
З-за таго, што зніжкі на расійскую нафту перавысілі $20 за барэль, нафтавым кампаніям давядзецца заплаціць у бюджэт паводле дэмпфернага механізму 13 млрд рублёў у снежні. «Лукойл» жа прапануе абмежаваць дысконт, які ўлічваецца пры падаткаабкладанні, на ўзроўні $10–15 за барэль, каб нафтавікі нічога не плацілі і, наадварот, маглі атрымліваць бюджэтныя грошы.
Нафтавая галіна занепакоеная ростам дысконту на расійскую Urals адносна Brent, з-за чаго выплаты паводле дэмпфернага механізму перайшлі «ў адмоўную зону», — цытуюць «Известия» ліст «Лукойла». У мінулым годзе бюджэт заплаціў нафтавікам 881 млрд рублёў у межах гэтага механізму, а годам раней — 1,8 трлн рублёў. Цяпер жа з-за нізкай цаны Urals нафтавым кампаніям давядзецца пералічыць у казну 47 млрд рублёў паводле дэмпфернага механізму ў снежні–студзені, ацэньвае кіруючы партнёр кампаніі Kasatkin Consulting Дзмітрый Касаткін.
Гэта ўдарыць па фінансах нафтавых кампаній, якія ўжо сутыкнуліся з рэзкім падзеннем прыбыткаў. Так, «Лукойл» па выніках першага паўгоддзя 2025 года страціў палову прыбытку — ён склаў 287 млрд рублёў супраць 590 млрд годам раней. «Роснефть», якая займае першае месца па аб'ёмах здабычы і экспарту, адсправаздачылася пра трохразовае падзенне прыбытку за студзень–верасень — да 277 млрд рублёў.
Зіма прынесла нафтавікам новыя праблемы: сярэдняя цана Urals у снежні ўпала да $39, у студзені — да $35–37, гэта найніжэйшы ўзровень з часоў пандэміі, калі глабальны рынак «чорнага золата» перажываў беспрэцэдэнтны абвал. Пры цэнах на нафту ніжэй за $40 каля паловы нафтаздабыўных праектаў у Расіі сталі стратнымі: кампаніі губляюць $5 на кожным прададзеным барэлі, распавядалі Reuters крыніцы ў галіне. Паводле іх слоў, у плюсе застаюцца галоўным чынам радовішчы, якія не плацяць поўную стаўку НДПІ — падатку на здабычу карысных выкапняў, што забяспечвае больш за 90% нафтагазавых даходаў бюджэту.