Чаму Лукашэнка баіцца Трампа
7- 26.01.2026, 15:25
- 4,690
Успыльчывы характар прэзідэнта ЗША можа сыграць злы жарт з дыктатарам.
Ёсць меркаванне, што Лукашэнку ў Трампе шмат што палохае — і прырода гэтых страхаў падобная да той, што вызначае саюз Мінска з Крамлём, піша Вячаслаў Каростэнь для «Пазірка»:
— Так, Пуцін — «старэйшы брат», але «малодшаму» ў яго абдымках не надта ўтульна. Напружваюць імперскія замашкі, паталагічная схільнасць да ўварвання са зброяй у суседнія краіны, дыктаваць свае ўмовы. Не, каб проста дапамагаў матэрыяльна — тады б была іншая справа.
У Трампа з гаспадаром Крамля ёсць агульнае, не проста так амерыканскі прэзідэнт благаволіць расійскаму прэзідэнту і нават расцілае перад ім чырвоныя дываны. Імперыялізм, апетыт да чужых тэрыторый, вольнае стаўленне да якой-кольвек законнасці. І плюс да ўсяго — успыльчывы характар, зменлівасць, бурлівая рэакцыя на найменшыя знешнія раздражняльнікі. Сёння ён запанкі дорыць, а заўтра можа і серпам па пальцах. Ілон Маск не дасць схлусіць.
З Джо Байдэнам было прасцей. Як і з еўрапейскімі палітыкамі. Яны прадказальныя, шануюць закон, максімум, што могуць, — прыняць санкцыі, прагаласаваць за рэзалюцыю, выказаць заклапочанасць. З імі можна па-беспрадзеле — заваліць кантрабандай, арыштаваць грузавікі, а то і затрымаць за «шпіёнаж» пару іх суайчыннікаў
З Трампам такі нумар не пройдзе, піша аўтар:
— Яму закон не пісаны. Ён сам «ненакланяемы» і пры выпадку любому палітычнаму гопніку фору дасць. Гэта і палохае ва ўзаемаадносінах з такім небяспечным партнёрам.
Вазьміце, напрыклад, гандаль «жывым таварам», у якім Лукашэнка сабаку з'еў. З аднаго боку, яму вельмі не хочацца прадацца занадта танна — і так ужо даводзіцца выпускаць знакавых палітвязняў узамен на пакуль што сімвалічнае паслабленне санкцый. З другога — каб толькі не перагнуць палку і не прагневаць «майстра здзелак» з Мар-а-Лага. Той хоча вызваліць адразу 1000+ закладнікаў, а на такую буйную аптовую здзелку можна вырашыцца толькі пры сустрэчнай шчодрасці контрагента.