На поўдні Філіпін затануў паром з сотнямі людзей на борце
- 26.01.2026, 9:18
- 1,904
Загінулі прынамсі 15 чалавек.
У паўднёвых водах Філіпін уначы 26 студзеня затануў паром Trisha Kerstin 3. На борце знаходзіліся 332 пасажыры і 27 членаў экіпажа.
Пра гэта паведамляе Associated Press.
Паводле дадзеных Берагавай аховы, прынамсі 316 чалавек выратаваныя, пошукі зніклых без вестак працягваюцца. Падчас выратавальных аперацый ратавальнікі ўжо знайшлі прынамсі 15 целаў загінулых, 43 чалавекі лічацца зніклымі без вестак.
Інцыдэнт адбыўся прыкладна за адну марскую мілю ад узбярэжжа правінцыі Басілан. Паром накіроўваўся да вострава Джоло ў правінцыі Сулу, калі, паводле папярэдняй інфармацыі, сутыкнуўся з тэхнічнымі праблемамі і затануў.
Да выратавальных аперацый прыцягнутыя сілы Берагавай аховы, ВМС, авіяцыйныя падраздзяленні і мясцовыя рыбалоўныя суда. Частку выратаваных і целы загінулых даставілі ў адміністрацыйны цэнтр правінцыі — горад Ісабэла.
Прычына аварыі пакуль невядомая, расследаванне працягваецца. Папярэднія даныя сведчаць, што паром не быў відавочна перагружаны і перад выхадам у рэйс прайшоў праверку бяспекі.
Марскія няшчасныя выпадкі часта здараюцца на Філіпінах з-за вялікай колькасці астравоў і рэгулярных штармавых умоў, а таксама слабога выканання стандартаў бяспекі на некаторых судах.