На літоўска-беларускай мяжы аднавілі афармленне грузавікоў
- 26.01.2026, 9:05
Перапынак працягваўся дзве суткі.
На літоўска-беларускай мяжы 26 студзеня аднавілі афармленне грузавікоў. Пра гэта паведаміў беларускі Дзяржаўны памежны камітэт.
«Літоўскія кантрольныя службы аднавілі ў поўным аб’ёме афармленне грузавых транспартных сродкаў», — паведамілі беларускія памежнікі.
Нагадаем, удзень 24 студзеня літоўскі бок прыпыніў ўезд фур у пункт прапуску «Мядзінінкай» з-за праблем у працы праграмнага забеспячэння мытных баз.
25 студзеня Дзяржаўны мытны камітэт паведаміў, што «літоўскі бок дагэтуль не афармляе грузавікі ў пунктах прапуску, сумежных з беларускімі «Каменны Лог» і «Беняконі».
Афармленне легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў працягвалася.