Магутны зімовы шторм дабраўся да Нью-Ёрка
- 26.01.2026, 8:11
- 2,296
У штаце чакаюць да паўметра снегу, абвешчана надзвычайнае становішча.
У нядзелю, 25 студзеня, магутны зімовы шторм з інтэнсіўнымі снегападамі накрыў амерыканскія штаты Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі і Канэктыкут. Непагадзь прывяла да транспартных абмежаванняў, уведзена надзвычайнае становішча.
Сіноптыкі прагназуюць, што месцамі таўшчыня снежнага покрыву можа дасягаць паўметра, больш за мільён амерыканцаў засталіся без электрычнасці, скасаваныя тысячы авіярэйсаў. Пра сітуацыю паведамляюць Reuters і The New York Times.
Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі і Канэктыкут засыпае снегам
У нядзелю магутны зімовы шторм, які лютуе ў ЗША ўжо некалькі дзён, дасягнуў штатаў Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі і Канэктыкут. Там пачаўся моцны снегапад, які пацягнуў за сабой транспартныя абмежаванні і ўвядзенне надзвычайнага становішча.
Паводле звестак метэаролагаў, у горадзе Нью-Ёрк выпадзе 20-30 см снегу. А ў паўночных прыгарадах снежны покрыў можа дасягаць паўметра.





Губернатары Нью-Ёрка, Нью-Джэрсі і Канэктыкуту абвясцілі надзвычайнае становішча і заклікалі жыхароў устрымлівацца ад паездак. Засыпаныя снегам дарогі і тратуары ўскладняюць перамяшчэнне па вуліцах.
Толькі ў штаце Нью-Ёрк скасавана больш за 2700 авіярэйсаў. Аэрапорт Ла-Гвардыя ў Нью-Ёрку закрыты да панядзелка. Не ажыццяўляюцца палёты таксама ў аэрапортах Джона Кэнэдзі ў Нью-Ёрку і Ньюарк-Ліберці ў Нью-Джэрсі.
Гарадское транспартнае ўпраўленне Нью-Ёрка паведаміла, што метро і аўтобусы працягваюць працу па змененых раскладах, з магчымымі затрымкамі. Мэр горада Зохран Мамдані абвясціў, што школы Нью-Ёрка ў панядзелак будуць працаваць дыстанцыйна.
А вось у Нью-Джэрсі поўнасцю прыпынены рух цягнікоў. Аднаўленне працы чыгуначнага транспарту будзе залежаць ад пагодных умоў.
Больш за мільён амерыканцаў засталіся без святла
З-за моцных маразоў, снегападаў, якія чаргуюцца з ледзяным дажджом, больш за мільён амерыканцаў, што пражываюць у васьмі штатах, па стане на нядзелю засталіся без электраэнергіі. Абясточана прынамсі 330 тысяч спажыўцоў у Тэнэсі і больш за 100 тысяч у Місісіпі і Луізіяне. Часткова абясточаныя Тэхас, Кентукі, Джорджыя, Заходняя Вірджынія і Алабама. Паводле слоў чыноўнікаў, лініі электраперадачы не вытрымліваюць абледзянення: месцамі пласт лёду на правадах дасягаў 2,5 см.
Пагодныя ўмовы ўскладняюць расчышчэнне дарог, таму ўсходнія і паўднёвыя штаты практычна паралізаваныя.
Найбольш моцныя снегапады з пачатку штарму ў пятніцу былі зафіксаваныя ў нядзелю ў некаторых раёнах Каларада, Ілінойса, Індыяны, Місуры, Нью-Джэрсі, Нью-Ёрка і Пенсільваніі – там таўшчыня снежнага покрыву дасягала 30 см і больш.
Паводле дадзеных сэрвісу адсочвання палётаў FlightAware, у нядзелю ў ЗША было скасавана больш за 10 800 авіярэйсаў. Яшчэ больш за 4 тысячы давялося скасаваць днём раней, у суботу.
У Нацыянальным аэрапорце Рональда Рэйгана ў Вашынгтоне заявілі, што авіякампаніі анулявалі ўсе рэйсы ў нядзелю. Даныя FlightAware паказалі, што больш за 80% нядзельных рэйсаў былі скасаваныя для некалькіх аэрапортаў у мегаполісах, уключаючы Нью-Ёрк, Філадэльфію і горад Шарлёт у Паўночнай Караліне.
«Сітуацыя з гэтым штармам даволі ўнікальная, і яна застанецца крытычнай на працягу пэўнага перыяду часу», — сказала міністарка ўнутранай бяспекі Крысці Ноэм у эфіры праграмы «Fox News Sunday Briefing».
Прэзідэнт Дональд Трамп назваў сітуацыю са штармам «гістарычнай» і ўхваліў федэральныя дэкларацыі аб увядзенні надзвычайнага становішча ў Паўднёвай Караліне, Вірджыніі, Тэнэсі, Джорджыі, Паўночнай Караліне, Мэрылэндзе, Арканзасе, Кентукі, Луізіяне, Місісіпі, Індыяне і Заходняй Вірджыніі.