Беларускія дранікі трапілі ў топ-15 найлепшых у свеце страў з бульбы
5- 25.01.2026, 21:13
- 3,120
Лідарства — за бульбянымі аладкамі з Латвіі.
Дранікі зноў былі высока ацэнены на сусветнай гастранамічнай арэне. Беларуская страва з'явілася ў прэстыжным рэйтынгу TasteAtlas.
Складальнікі топа вызначылі найлепшыя з найлепшых бульбяных страў на студзень 2026 года, перадае «Точка».
Так, нашы родныя дранікі апынуліся на 14-й пазіцыі з агульнай ацэнкай 4,2.
Заўважым, лідарства — за бульбянымі аладкамі з Латвіі. Таксама ў тройку ўваходзяць падобная страва родам са Славакіі і літоўскія «бульбяныя бліны».
Знаёмыя многім беларусам украінскія дэруны размясціліся на 16-й пазіцыі.
Усяго ж у лік 50 найлепшых страў трапіла кулінарыя з самых розных краін: Францыі, Эквадора, Люксембурга, ЗША, Швецыі, Іспаніі, Польшчы, Італіі і многіх іншых.
Дзякуючы сваім вірусным рэйтынгам TasteAtlas аказаў істотны ўплыў на глабальныя дыскусіі пра ежу ў сацыяльных сетках.
Платформа з'явілася яшчэ ў 2018 годзе з мэтай стварэння глабальнай энцыклапедыі традыцыйных страў.
Кожнай страве, інгрэдыенту або рэстарану на сайце прысвечаная асобная старонка, часта з кароткім апісаннем, рэгіянальнай гісторыяй і фотаздымкамі.
TasteAtlas публічна заяўляе, што рэйтынгі фармуюцца на падставе водгукаў карыстальнікаў, якія ацэньваюць стравы і рэстараны.
Вялікая колькасць галасоў фільтруецца з дапамогай ШІ для выдалення падазронага спаму або прадузятых ацэнак.
Аднак, як і любая пляцоўка з рэйтынгамі, гэтая неаднаразова падвяргалася крытыцы інтэрнэт-карыстальнікаў з усяго свету.