25 студзеня 2026, Нядзеля, 16:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цёпленькая не пайшла

1
Цёпленькая не пайшла

Чаму ў Мінску прапала ацяпленне.

У панядзелак 19 студзеня ў выніку аварыі на цяплатрасе без гарачай вады і цяпла засталіся пяць раёнаў Мінска. Аварыя адбылася не з-за варожых дронаў, а з-за зношанасці цяпласетак. Праз дзень наступствы аварыі ліквідавалі, але асадчак застаўся.

«Пры тэмпературы паветра мінус 21 градус на адной з магістраляў, якія падаюць Мінску цяпло ад ЦЭЦ-4, быў пашкоджаны кампенсатар дыяметрам 1200 мм. У выніку парушана цяплазабеспячэнне больш за 3 тыс. дамоў», - расказаў міністр энергетыкі Дзяніс Мароз.

Да вечара аварыю ліквідавалі. Праўда, не ўсюды і не адразу. Але праз некалькі дзён жыццё ўвогуле наладзілася. Аднак, асадчак, як кажуць, застаўся. Бо аварыі — гэта, вядома, справа жыццёвая. Аварыі здараюцца. Але праблема ў тым, што апошнім часам камунальныя аварыі ў Беларусі здараюцца значна часцей, чым раней.

І прычына вельмі простая. Бо інфраструктура, цяпласеткі зношваюцца, а грошай на тое, каб усё гэта своечасова рамантаваць, а яшчэ важней — своечасова праводзіць прафілактыку, не стае.

Можна спытаць, а як жа беларускія ўлады спраўляліся раней? Адказ просты: ды ніяк. У тым сэнсе, што яны спраўляліся не самі. Ім вельмі моцна дапамагалі. Да 2020 года міжнародныя фінансавыя інстытуты выдзялялі дзясяткі і нават сотні мільёнаў долараў на патрэбы якраз беларускага ЖКГ.

У 2019 годзе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця выдзяліў Беларусі крэдытаў на 390 мільёнаў еўра. З іх 27 мільёнаў пайшло на мадэрнізацыю каналізацыйна-ачышчальных збудаванняў у Клецку, Любані, Фаніпалі і яшчэ некалькіх беларускіх гарадах. 15,5 мільёна банк выдзеліў на забеспячэнне доступу да чыстай пітной вады ў Віцебскай вобласці.

У 2018 годзе банк уклаў у беларускую эканоміку 360 мільёнаў еўра, з якіх 84 мільёны пайшлі якраз Мінсквадаканалу. У першай палове 2020 года інвестыцыі банка склалі 160 мільёнаў еўра.

І гэты банк быў жа не адзіным. Напрыклад, у 2017 годзе Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця выдаў 100 мільёнаў долараў на мадэрнізацыю кацельняў.

Усе прыклады, насамрэч, немагчыма пералічыць. Дзясяткі, калі не сотні асобных праектаў на сотні мільёнаў долараў. Дык што да 2020 года беларуская сістэма ЖКГ атрымлівала стабільнае знешняе фінансаванне. Якое дазваляла беларускім уладам падтрымліваць пэўны ўзровень сацыяльных стандартаў. За гэтыя заходнія грошы яшчэ і дарогі рамантавалі, і масты будавалі.

Пра тое, што гэтыя стандарты падтрымліваюцца за чужыя грошы, улады чамусьці не ўзгадвалі. Затое казалі: глядзіце, якія мы малайцы, мы робім вам добра.

А пасля 2020 года беларускія ўлады пасварыліся з усімі і вось гэты пастаянны прыток грошай скончыўся. Адпаведна, рамонты і прафілактыка сталі не такімі рэгулярнымі, як былі раней. А калі трубы не рамантаваць, то яны ўрэшце рэшт паламаюцца. І чым больш часу праходзіць, тым часцей гэтыя аварыі будуць здарацца.

Але ўлады знайшлі выхад. Калі мы не можам забяспечыць вам былы ўзровень сацыяльных стандартаў, то што трэба зрабіць? Трэба проста панізіць сацыяльныя стандарты.

«Ну калі б была ў трубах не вада 90 градусаў, а 80 і ціск паменшыць, — трошкі прахаладней было б у пакоі. Не 25, а 20 градусаў. Дастаткова ў доме», — сказаў Лукашэнка ў дзень аварыі.

Міністэрства энергетыкі, натуральна, адразу ўзяло пад казырок. Таму гэтая лакальная аварыя мела глабальныя наступствы. У дамах усіх беларусаў стане халадней.

Ну а каб беларусам было не так крыўдна, Лукашэнка ў той самы дзень, калі палова Мінска сядзела без цяпла, разважаў пра тое, як Еўропа замярзае без расійскага газу.

Аляксей Мазартаў, «Беларусы і рынак»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках