У «дармаедаў» вырашылі забіраць дзяцей?
8- 25.01.2026, 14:02
- 5,052
У міліцыі назвалі ўмову, пры якой іх могуць прызнаць такімі, што знаходзяцца ў СОП.
Дзяцей беларусаў, якіх улады адносяць да «эканамічных утрыманцаў», могуць прызнаць такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СОП). Пра гэта распавялі ў МУС, піша «Зеркало».
У ведамстве нагадалі, што чалавек, прызнаны не занятым у эканоміцы, аплачвае «камуналку» па поўных тарыфах, калі з'яўляецца ўласнікам жылога памяшкання, «наймальнікам, арэндатарам, лізінгаатрымальнікам, дольшчыкам».
«Акрамя таго, эканамічныя ўтрыманцы пазбаўляюцца магчымасці карыстацца льготным крэдытам, субсідыяй на будаўніцтва, рэканструкцыю або куплю жылля, за выключэннем тых, хто знаходзіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі (гэты статус вызначаецца камісіяй па садзейнічанні занятасці насельніцтва)», — паведамілі ў МУС.
Акрамя таго, непаўналетнія дзеці «дармаедаў» могуць «патрапіць у СОП, калі абодва бацькі або адзіны з бацькоў на працягу больш чым трох месяцаў не працуюць або не займаюцца іншай дзейнасцю, дазволенай законам».
«Пры гэтым павінна быць усталявана, што асноўныя жыццёвыя патрэбы дзіцяці не задаволены: няма ежы, адзення, абутку, месца для адпачынку, заняткаў і гульняў», — пералічылі ў ведамстве.
У МУС адзначылі, што супрацоўнікі міліцыі праводзяць мерапрыемствы, «накіраваныя на правядзенне прафілактычнай работы з непрацуючымі грамадзянамі, а таксама з непрацуючымі, якія стаяць на ўліку ў органах унутраных спраў».
«За няяўку на прафілактычнае мерапрыемства асобы, якія знаходзяцца на ўліку ў АУС, могуць быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці (арт. 24.3 КаАП — «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў». — Заўв. рэд.), што цягне накладанне штрафу ў памеры ад двух да ста базавых велічынь (4500 рублёў), або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт», — нагадалі ў ведамстве.