Журналісты з дапамогай GPS-маячкоў адсачылі, як з ЕС праз Беларусь трапляюць санкцыйныя грузы ў Расію
18- 25.01.2026, 17:02
- 18,482
Выяўлена падпольная паштова-лагістычная схема.
Нягледзячы на санкцыі ЕС, забароненыя тавары працягваюць трапляць з Еўразвязу ў Расію праз падпольную паштова-лагістычную схему. Журналісты BILD з дапамогай GPS-маячкоў адсачылі шлях пасылак, адпраўленых праз сетку, звязаную з былымі супрацоўнікамі даччынай структуры «Пошты Расіі» ў Германіі.
Паводле дадзеных расследавання, ключавую ролю адыгрывае лагістычная фірма, зарэгістраваная напрыканцы 2022 года і фармальна мае толькі паштовую скрыню ў нямецкім Кёльне. Фактычна ж пасылкі звозяць на склад недалёка ад аэрапорта Берлін-Брандэнбург, адкуль фуры ідуць праз Польшчу і Беларусь у Расію.
За складам рэгулярна паркуецца аўтамабіль BMW Дзмітрыя В. — былога ўпраўляючага дырэктара RusPost GmbH. У 2014 годзе «Пошта Расіі» даручыла яму стварэнне даччынай кампаніі ў Берліне, аднак неўзабаве пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ён звольніўся. BILD здолеў з дапамогай дакументаў пацвердзіць, што Дзмітрый В. кіруе лагістычнай кампаніяй па адпраўцы грузаў у Расію.
Журналісты адправілі пяць тэставых пасылак з санкцыйнымі электроннымі кампанентамі, непрыдатнымі да выкарыстання, задэклараванымі як бяскрыўдныя рэчы. Кошт дастаўкі склаў 26 еўра за пасылку вагой да двух кілаграмаў. Усе яны без праблем перасеклі мяжы і прыбылі ў Маскву.
Улады ФРГ ужо правяраюць магчымае парушэнне заканадаўства.