25 студзеня 2026, Нядзеля, 17:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Times: Пуцін рыхтуе прымяненне зброі масавага паражэння

14
The Times: Пуцін рыхтуе прымяненне зброі масавага паражэння

Калі вайна зайдзе ў тупік.

Затягванне або тупіковая сітуацыя ў вайне супраць Украіны можа падштурхнуць расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна да прымянення хімічнай зброі масавага паражэння.

Пра гэта паведамляе The Times.

Паводле даных украінскіх ваенных, расійскія акупанты выкарысталі небяспечныя хімічныя рэчывы больш за 9 000 разоў ад пачатку вайны — 6 540 разоў толькі летась.

У значнай ступені гэта звязана з выкарыстаннем гранат, напоўненых газамі для падаўлення беспарадкаў, такімі як CS і CN.

Украінскія і еўрапейскія чыноўнікі заяўляюць, што расійскія падраздзяленні таксама часам звярталіся да хлорпікрыну, удушлівага рэчыва, упершыню выкарыстанага ў Першай сусветнай вайне.

Паводле выдання, заходнія чыноўнікі баяцца, што хімічныя рэчывы, пра якія паведаміла Украіна, могуць не адлюстроўваць поўны маштаб расійскага арсеналу.

«У сталіцах саюзнікаў занепакоеныя, што зацягнутая або тупіковая вайна ва Украіне можа падштурхнуць Крэмль да выкарыстання больш небяспечнай зброі масавага паражэння. Пуцін неаднаразова бразгаў ядзернай зброяй, пры гэтым дэманстратыўна маўчаў пра хімічную або біялагічную зброю масавага паражэння», — адзначыла The Times.

Пасля атручвання Аляксея Навальнага у 2020 годзе даследчая група Bellingcat прыйшла да высновы, што расійская праграма распрацоўкі нервова-паралітычнага рэчыва «Навічок» працягвалася «значна даўжэй за афіцыйна абвешчаную дату закрыцця».

Паводле іх расследавання, вучоныя, якія ўдзельнічалі ў распрацоўцы нервова-паралітычнага рэчыва, былі пераведзеныя ў нібыта грамадзянскія інстытуты, што дазволіла працягваць працу над хімічнай зброяй пад прыкрыццём медыцынскіх і прамысловых даследаванняў.

Супрацоўнікі двух такіх арганізацый — Дзяржаўнага інстытута эксперыментальнай ваеннай медыцыны і Навуковага цэнтра «Сігнал» — былі названыя ключавымі фігурантамі ў удасканаленні і «ўзбраенні» «Навічка» аж да 2010-х гадоў.

«Можна з упэўненасцю меркаваць, што расійская праграма хімічнай зброі ўсё яшчэ існуе. Калі б «Навічок» быў выкарыстаны ў больш шырокіх маштабах, гэта магло бы мець каласальныя наступствы», — сказаў былы афіцэр брытанскай арміі Хэміш дэ Брэтан-Гордан.

Былы камандуючы Аб’яднаным камандаваннем Узброеных сіл Вялікабрытаніі генерал сэр Рычард Баронс сцвярджае, што пераход да больш смертаноснай хімічнай зброі быў бы для Масквы нявыгадным крокам, бо прынёс бы мала ваеннай карысці і вялікія выдаткі.

«Вы прыцягваеце ўвагу да ваеннага злачынства, вы рызыкуеце сутыкнуцца з мерамі ў адказ, і гэта палака з двума канцамі — вы можаце паставіць пад пагрозу ўласныя сілы, напрыклад, калі зменіцца кірунак ветру», — адзначыў ён.

Аднак, паводле слоў Баронса, спакуса выкарыстаць такую зброю можа ўзнікнуць, «калі вы апыняцеся ў сітуацыі, калі стаўкі надзвычай высокія, калі на кану стаіць выжыванне краіны».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках