«У мяне быў проста вэйп!»
47- 25.01.2026, 10:56
- 8,964
Вадзіцель зрабіў заўвагу мінчанцы, якая курыла электронную цыгарэту ў аўтамабілі ў прысутнасці дзіцяці.
Мінчанка Ілона распавяла дзяржаўнаму агенцтву «Мінск-Навіны» пра «дзіўную сітуацыю на дарозе». Жанчына везла дачку з садка, калі заўважыла, што вадзіцель іншага аўто агрэсіўна спрабаваў ёй нешта данесці. «На святлафоры мы параўняліся, чалавек апусціў шкло і крыкнуў, што напіша ў міліцэйскі чат-бот, і мяне аштрафуюць за курэнне пры дзіцяці. А ў мяне ж быў проста вэйп!» — здзівілася жанчына. Яна пацікавілася, ці насамрэч могуць прыцягнуць яе да адказнасці за курэнне электроннай цыгарэты ў прысутнасці непаўналетняй. На пытанне адказаў старшы ўчастковы інспектар Заводскага РУВД Мінска Дзяніс Калюжны, піша «Зеркало».
Спікер патлумачыў, што згодна з дэкрэтам Лукашэнкі № 28 электронныя цыгарэты, вэйпы і сістэмы награвання тытуню афіцыйна прыраўнены да звычайных цыгарэт. Закон не праводзіць паміж імі адрознення — іх выкарыстанне лічыцца курэннем.
Тым жа дакументам усталявана прамая забарона на курэнне ў аўтамабілі, калі ў салоне знаходзіцца дзіця маладзейшае за 14 гадоў. Гэта правіла распаўсюджваецца як на цыгарэты, так і на вэйпы.
За парушэнне прадугледжаная адказнасць паводле артыкула 19.9 КаАП Рэспублікі Беларусь — штраф да чатырох базавых велічынь (180 рублёў).
Калі падобнае парушэнне здзейснена ўпершыню, участковы інспектар, як правіла, абмяжоўваецца папярэджаннем. Пры паўторным выпадку будзе прызначаны штраф.
Паколькі гаворка ідзе пра абарону правоў і бяспекі дзіцяці, пасля выяўлення парушэння да сям'і можа быць часова прыцягнута ўвага інспекцыі па справах непаўналетніх, папярэдзіў Дзяніс Калюжны.