2 лютага 2026, панядзелак, 21:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Працуй як конь, нараджай як котка»

47
«Працуй як конь, нараджай як котка»

Беларусак абурыла антыабортная ідэя ўладаў.

Улады «парадавалі» беларусак у Год беларускай жанчыны ідэяй забараніць аборты ў прыватных медцэнтрах. Пры гэтым эксперты кажуць, што абмежаванні ў гэтай сферы не спрыяюць павелічэнню нараджальнасці. Беларускі адрэагавалі на прапанову чыноўнікаў сотнямі гнеўных каментароў, піша «Белсат».

«Запомніце: калі год прысвяцілі чамусьці, то менавіта гэтай сферы — капец», – пішуць у Threads.

Прапаганда трубіла з усіх прасаў, як «Аляксандр Лукашэнка закахаў у сябе ўсіх жанчын», калі абвясціў 2026-ы Годам беларускай жанчыны. Тады фемактывістка Юлія Міцкевіч у каментары «Белсату» казала, што «верагодна, нас чакае забарона або абмежаванні на аборты».

Як у ваду глядзела: яшчэ не паспеў скончыцца першы месяц Года жанчыны, як улады заявілі пра планы забараніць перапыненне цяжарнасці ў прыватных клініках.

Паводле слоў кіраўніка Мінздароўя Аляксандра Ходжаева, адпаведную норму ўнеслі ў праект Кодэкса аб ахове здароўя. Гэтая задума, паводле чыноўніка, мусіць паспрыяць павелічэнню нараджальнасці:

«Разумеючы патрэбу ў нараджэнні дзяцей у нашай краіне, Міністэрства аховы здароўя такую ініцыятыву вызначыла. Гэта найперш звязана з тым, што мы бачым даволі вялікую разбежку паміж якасцю перадабортнага кансультавання, якое праводзяць у прыватных цэнтрах. Там яно дасягае 20% эфектыўнасці, у той час як у дзяржаўных клініках мы бачым даволі добрую станоўчую працу ў гэтым напрамку: 35–40%. Гэта сведчыць, што патрабуецца кантроль, узмацненне».

Плануецца забарона абортаў у прыватных медцэнтрах — міністр аховы здароўя

Антыабортная ідэя ўладаў выклікала рэзкае абурэнне, беларускі актыўна пішуць пра гэта ў сацсетках.

«Гэта прамое парушэнне правоў жанчын. Сітуацыі бываюць розныя: адзінокае мацярынства, цяжкія дыягназы, недахоп рэсурсаў. Пра мараль разважаюць тыя, хто ніколі не выхоўваў дзяцей адзін і не ведае, што такое асаблівае дзіця. Усе называюць аборт грэхам, але, на мой погляд, сапраўдны грэх — пазбавіць дзіця належнага догляду і падтрымкі».

«Я ніколі не хацела дзяцей і цяпер не хачу, аднак нейкія мужыкі замест мяне вырашаюць, што я магу або не магу рабіць са сваім целам і сваім жыццём».

«Калі забароняць аборты ў прыватных клініках, у маёй сям’і больш ніколі не будзе сексу. Вось вам і Год беларускай жанчыны. Не жылі добра — і пачынаць няма чаго».

«Калі на раннім тэрміне мне скажуць, што ў майго дзіцяці цяжкая інваліднасць, я зраблю аборт. Я не хачу нараджаць хворае дзіця, каб у будучыні, калі я памру, яно не пакутавала. Бо акрамя вас вашае дзіця нікому не патрэбнае».

«Я ніколі не рабіла аборт, маю дачку. Я хачу, каб у кожнай жанчыны было права распараджацца сваім целам без агаворак, без апраўданняў перад грамадствам і рэлігіяй».

«Я — маці дваіх, адзін — дзіця з асаблівасцямі. Я не па чутках ведаю, як гэта цяжка і якая гэта каласальная адказнасць. Рашэнне пра працяг цяжарнасці павінна прымаць сама жанчына, зыходзячы са сваіх сіл і рэальнай жыццёвай сітуацыі. Без ціску з боку клінік або дзяржавы. Толькі мы самі ведаем свае магчымасці і тое, які догляд і якую будучыню зможам забяспечыць дзіцяці».

«Я ніколі не рабіла аборт, але не лічу гэта нечым дрэнным. Жудасна, што зноў пачынаюць абмяжоўваць права на перапыненне цяжарнасці. Нікому не патрэбныя народжаныя дзеці пасля таго, як жанчыне не далі зрабіць аборт».

«“Цудоўны” Год жанчыны, як я лічу. Працуй як конь, нараджай як котка».

На заўвагі пра тое, што аборты не забараняюць цалкам, адказваюць, што ў дзяржаўных клініках толькі будуць адгаворваць «ад грэху забойства дзяцей».

«Мне патрэбны выбар і ўпэўненасць, што мяне не загнабяць у дзяржаўнай паліклініцы і не пачнуць ціснуць і адгаворваць — там у лекараў гэта выдатна атрымліваецца».

«Думаю, у дзяржаўнай клініцы мазгі чайнай лыжачкай дастануць, пакуль правядуць аборт, у адрозненне ад прыватнай клінікі».

«Яны зробяць усё, каб ты не паспела ў пэўны тэрмін: дадуць процьму аналізаў, прымусяць прайсці процьму лекараў і яшчэ да чагосьці прычэпяцца. А потым — хоп, і тэрмін ужо мінуў, усё, рабіць ужо нельга».

«Назірала пару гадоў таму, як жанчына білася ў істэрыцы, што не паспявае зрабіць аборт, і не паспявае, бо «вы павінны перад аперацыяй прайсці абследаванні, у тым ліку псіхіятра/псіхатэрапеўта». А чарга — на два тыдні наперад. Яна плакала і казала, што не пацягне яшчэ адно дзіця — ні фізічна, ні матэрыяльна».

Яшчэ ў сацсетках прадказваюць, што ў Беларусі вырасце колькасць выхаванцаў у дзіцячых дамах, а жанчыны будуць ездзіць на аборты за мяжу.

«У суседніх краінах адкрыецца новы папулярны накірунак медыцынскага турызму. І грошы будуць сыходзіць туды. Геніяльна!»

Як і заўсёды ў спрэчках, якія датычацца перапынення цяжарнасці, з’яўляюцца каментары, што гэта — забойства чалавека.

Лекар-гінеколаг Станіслаў Салаўей упэўнены, што прапанаваная ўладамі мера не дапаможа павысіць нараджальнасць, бо яна не спрацавала і ў іншых дзяржавах, у тым ліку ў Польшчы, дзе надзвычай жорсткія правілы правядзення абортаў.

«Ёсць краіны, дзе аборты ўвогуле забароненыя, і чамусьці дэмаграфія ў іх не самая лепшая. Можна прывесці прыклад Польшчы, дзе, як і ва ўсёй Еўропе, дэмаграфія крыху ніжэйшая за тыя паказчыкі, якія з’яўляюцца прымальнымі для росту насельніцтва».

У размове з «Белсатам» спецыяліст таксама паставіў пад сумнеў абгрунтаванні міністра Ходжаева наконт «якасці перадабортнага кансультавання». У ідэале гэта павінна быць размова з псіхолагам, падчас якой жанчыне дапамагаюць зрабіць правільны для яе выбар. Аднак на практыцы гэта часта сеанс угавораў:

«Да гэтых перадабортных кансультацый дапускаюць святароў, якія палохаюць жанчын тым, што гэта грэх, распавядаюцца байкі, што гэта нашкодзіць здароўю, і проста аказваецца псіхалагічны ціск. І таксама не ўлічваецца, што жанчына можа параіцца са сваім псіхолагам перад тым, як прыйсці ў прыватны медцэнтр».

Салаўей падсумаваў, што ўлады толькі дасягнуць псіхалагічнага дыскамфорту і псіхалагічных траўмаў у жанчын. Ды і існуе пагроза пакарання лекараў і псіхолагаў у дзяржаўных медыцынскіх установах, калі не будзе выконвацца план адмоваў ад абортаў.

З дэмаграфіяй у Беларусі насамрэч усё кепска, аднак не з-за перапынення цяжарнасці: статыстыка за апошнія 10 гадоў сведчыць, што пры адначасовым зніжэнні нараджальнасці скарачаецца і колькасць абортаў.

Акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC Леў Львоўскі раней тлумачыў «Белсату», што скарачэнне нараджальнасці ў нашай краіне звязана з «агульнаеўрапейскім трэндам»:

«Чым лепш пачынаюць жыць людзі, чым больш роўнымі становяцца правы ў жанчын і мужчын, тым менш дзяцей нараджаецца. Жанчыны пачынаюць думаць пра сваю кар’еру. Бацькоўства пачынае супярэчыць думкам пра самаразвіццё».

Спосабы падштурхнуць нараджальнасць існуюць. Напрыклад, дзяржава магла б забяспечыць неабходную колькасць дзіцячых садкоў, развіваць інфраструктуру, якая дапаможа сумяшчаць выхаванне дзяцей з працай.

«А наша ўлада часткова сканцэнтроўваецца толькі на даволі шчодрай грашовай дапамозе на дзяцей. Гэта дзейнічае на пэўныя пласты насельніцтва, але ўжо амаль не дзейнічае на гарадское насельніцтва, для якога грошы — не самая галоўная праблема. Найважнейшая — выдаткі часу на дзяцей», – адзначаў эксперт.

Гендэрная і медыяэксперт Ірына Сідорская упэўнена, што ідэяй абмежаваць аборты ўлады паказваюць: жанчына для іх — толькі рэсурс.

«Вельмі выразна відаць, што жанчына з’яўляецца інструментам, яна важная не як асоба, не як грамадзянка, яна важная як рэсурс — у дадзеным выпадку для ўзнаўлення людзей. Пачынаць Год беларускай жанчыны з поўнага кантролю яе рэпрадуктыўных правоў, яе рэпрадуктыўнага здароўя — гэта зусім не камільфо».

У эфіры праекта «Звычайная раніца» яна адзначыла, што права на нараджэнне або права на перапыненне цяжарнасці — гэта частка рэпрадуктыўных правоў канкрэтнага чалавека, канкрэтнай жанчыны.

«Допусцім, жанчына змяніла сваё рашэнне. А наколькі далей у яе ўсё атрымаецца? Можа быць, потым будзе гісторыя адабрання бацькоўскіх правоў, таму што яна не займалася дзіцем. Ці потым мы даведаемся, што жанчына нарадзіла і забіла дзіця або яна яго збівала. Пра гэта мы не думаем, галоўнае — каб не было аборту», – сказала эксперт.

Паводле яе слоў, ніякія абмежаванні ў абортах не павышаюць нараджальнасці, а толькі прыводзяць да росту мацярынскай і дзіцячай смяротнасці і іншых трагедый.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках