У Данецку вайскоўцы РФ учынілі паміж сабой перастрэлку
4- 24.01.2026, 14:06
- 7,572
Інцыдэнт спрабуюць схаваць.
Агенты украінскага партызанскага руху «Атэш» з 33-га асобнага матастралковага палка Узброеных Сіл РФ паведамляюць пра небаявую страту сярод расійскіх салдат у Кіраўскім раёне часова акупаванага Данецка.
«Трое расійскіх вайскоўцаў распівалі алкаголь у адным з мясцовых завядзенняў і дзялілі трафеі з пазіцый. Прадметам спрэчкі стаў звычайны цеплавізар, які яны планавалі прадаць. Дамовіцца між сабой ім не ўдалося, і адзін з удзельнікаў канфлікту дастаў пісталет. Разбіранне адносін яны працягнулі ўжо па-за межамі бара — там і пачалася страляніна. Адзін таварыш па службе загінуў на месцы», — сказана ў паведамленні.
Паводле наяўных звестак, расійскае камандаванне прымае ўсе магчымыя меры, каб абмежаваць распаўсюджванне інфармацыі і ўтрымаць навіну ўнутры вайсковай часткі.
«Паводле даных «Атэш», інцыдэнт спрабуюць замяць: у дакументах яго афармляюць як «неасцярожнае абыходжанне са зброяй», каб не фіксаваць яшчэ адну небаявую страту і не ствараць лішніх пытанняў наверсе», — падсумавалі ў партызанскім руху.