Не толькі «Хаўер» і «Уллі»: якія яшчэ цыклоны накрывалі Беларусь
2- 24.01.2026, 13:24
- 1,676
Вялізныя віхуры неслі з сабою не толькі снег.
З сакавіка 2013 года ў Беларусі было зафіксавана нашэсце чатырох цыклонаў. Які з іх аказаўся найбольш разбуральным, расказалі ў Віцебскім аддзяленні Белгідрамета.
Віхуры пачалі атрымліваць імёны яшчэ з часоў Другой сусветнай вайны. Цяпер гэта стандартная працэдура.
Назвы цыклонам дае адна з дзвюх сусветных метэаралагічных арганізацый — Сусветная метэаралагічная арганізацыя або Нацыянальнае ўпраўленне акіянічнай атмасферы.
Што прынёс «Хаўер»
Найбольш вядомым і ўжо імем агульным стаў цыклон «Хаўер», які прайшоўся па Беларусі 15 сакавіка 2013 года.

Ён адзначыўся вялікай колькасцю ападкаў, а галоўнае — небывалай сілы ветрам. Па ўсёй краіне былі праблемы з дарожным рухам. Рэзка павялічылася колькасць ДТЗ.
На той час у краіне і так было дастаткова снегу. Менш чым за суткі вышыня снежнага покрыву павялічылася да 27–48 см. І ён цалкам растаў толькі ў маі.
Наймацнейшы снегапад ад «Даніэллы»
Амаль роўна за 10 гадоў да «Уллі» краіну накрыла «Даніэлла». Яна лютвала з 11 па 13 студзеня 2016 года, а пік прыйшоўся на 12-е.

Магутнейшы снегапад за 12 гадзін забяспечыў 60% ападкаў. У цэлым па краіне за тыя суткі выпала 11–34 мм атмасфернай вільгаці — гэта ад дэкаднай да месячнай нормы ападкаў.
Самы непрыемны цыклон
На Новы год усе чакаюць снегу, а не цыклону. Ды яшчэ такога, як «Белла». Ён не прынёс снежных гурбаў і трэскучага марозу.
Цёплы паток вільготнага паветра з Атлантыкі пакрыў Беларусь вельмі тоўстай каркай лёду. Раніцай 29 снежня 2020 года людзі з цяжкасцю дабіраліся на працу.

Таўшчыня лёду ў некаторых месцах — у прыватнасці, у Оршы — дасягала 20 мм. Лёд таксама стаў прычынай абрываў ліній электраперадачы.
Ну і «Уллі», вядома
Паўднёвы цыклон накрыў Беларусь вечарам 9 студзеня 2026 года і актыўнічаў амаль суткі. Па колькасці ападкаў ён перабіў «Хаўера», але па хуткасці ветру — не здолеў.
Хаця гэтыя параўнанні мала хвалявалі беларусаў, якія часам нават не маглі выйсці з пад’ездаў праз гурбы снегу і вецер.
Да прыборкі вуліц далучыліся ўсе, хто мог. А ў сталіцы снег актыўна вывозяць яшчэ і ў канцы студзеня.