«Паліцы пустыя»: перакупшчыкі масава вывозяць з Польшчы ў Беларусь яйкі Kinder адной серыі
3- 24.01.2026, 12:56
- 6,862
У Беларусі іх не прадаюць.
Беларусы масава шукаюць у польскіх крамах шакаладныя яйкі Kinder Joy з лімітаванай калекцыі — паводле серыяла «Дзіўныя справы». У Беларусі яны не прадаюцца. Попыт ужо прывёў да фармавання асобнага сегмента рынку: перакупшчыкі і перавозчыкі гатовыя па замове вазіць яйкі з Польшчы.
Чытачы MOST сцвярджаюць, што цяпер гэтую серыю цяжка знайсці і ў польскіх сетках.
Яйкі з цацкамі паводле вядомага серыяла завозілі ў крамы Польшчы, Германіі, Італіі і некаторых іншых краін ЕС. У Беларусі яны афіцыйна не прадаюцца, але, як высветлілася, карыстаюцца попытам у дзяцей і калекцыянераў. Запыты ад тых, хто гатовы замовіць іх, масава з’яўляюцца на форумах і ў чатах.
Попыт нараджае прапанову. Байеры — тыя, хто возіць тавары па замове, — гатовыя прадаваць калекцыю «Дзіўныя справы» і каробкамі, і паасобку. Цэны — 3–3,5 долара за штуку. Для параўнання: у польскіх сеткавых крамах яшчэ нядаўна іх можна было купіць крыху даражэй за 6 злотых, або прыблізна па 1,7 долара. Аднак на маркетплэйсах ужо з’яўляюцца прапановы па 9–14 злотых за штуку без уліку дастаўкі.

«Уражанне, што гэтыя яйкі мэтанакіравана скупляюць і вывозяць»
Аляксей жыве ў Варшаве і не збіраўся станавіцца часткай «кіндэр-эканомікі». Але некалькі месяцаў таму яго пляменніцы з Беларусі папрасілі перадаць «кіндары» менавіта з серыі «Дзіўныя справы».
— Тады ўсё было проста, — узгадвае Аляксей. — Я зайшоў у Kaufland (сеткавая крама. — Заўв.), купіў каля дзесяці штук і перадаў праз знаёмых з агульнай перадачай да Новага года.
Нядаўна просьба паўтарылася. Аляксей зноў накіраваўся ў крамы ў Варшаве і сутыкнуўся з нечаканай праблемай: патрэбных яек там проста не аказалася.
— Я прайшоўся па некалькіх сетках, зноў зазірнуў у Kaufland, дзе купляў раней. Паліцы пустыя. Канкрэтна гэтай серыі — нідзе, — кажа ён. — Прычым уражанне, што яны зніклі не ў адной краме, а ўвогуле.
Тады Аляксей пачаў вывучаць Telegram-чаты. Высветліў, што прадаўцы гатовыя сустракацца з пакупнікамі «адразу з мяжы», прадаваць паасобку або каробкамі і нават працаваць без перадаплаты. Аляксей купляць яйкі праз чаты не стаў.
— Складаецца ўражанне, што гэтыя яйкі мэтанакіравана скупляюць і вывозяць, — кажа мужчына. Паводле яго слоў, гатовыя везці розныя серыі.
У TikTok ролікі беларусаў, якія збіраюць калекцыю, таксама набіраюць папулярнасць. Іх аўтары дэманструюць цацкі з Kinder Joy, абмяркоўваюць канкрэтныя серыі і скардзяцца, што купіць такія «кіндары» ў беларускіх крамах немагчыма.