У беларускай арміі яшчэ жывуць валёнкі і вушанкі
5- 23.01.2026, 13:12
- 5,552
Ад ануч у арміі адмовіліся прыкладна ў 2005-м.
Пытанні ваеннай бяспекі Беларусі, вакол якой лязгае гусеніцамі НАТА, ніяк не пакідаюць дзяржаўныя медыя, піша planbmedia.io. Толькі што кіраўнік Савета бяспекі Аляксандр Вольфовіч пераканаў усіх, што верыць у наяўнасць у Беларусі «Арэшніка», як дапытлівае насельніцтва азадачылася новым пытаннем. Чаму сёння салдата радзей можна ўбачыць у валёнках і шапках-вушанках?
Напрошваецца адказ — каб не палохаць патэнцыйнага праціўніка. Але начальнік 2336-й базы захоўвання рэчавай маёмасці Узброеных Сіл РБ Андрэй Лабаненка даў цікаўным журналістам іншыя тлумачэнні.
Аказваецца, пастаянна карыстацца валёнкамі стала праблематычна, хоць цалкам ад іх не адмовіліся. «Нашы зімы не дазваляюць поўнасцю ўвесь сезон хадзіць у валёнках. Яны баяцца вільгаці, і калі намокнуць, становіцца вельмі непрыемна вайскоўцам», — патлумачыў Лабаненка.
З вушанкамі ўсё яшчэ прасцей: «практыка паказала іх нязручнасць у баявых умовах».
«Як паказваюць досвед і практыка, надзець зверху шалом (сталёвы або кевларавы) пры выкананні задачы ў полі на шапку-вушанку даволі цяжка, цісне галаву, нязручна», — растлумачыў Лабаненка. Пры гэтым, запэўніваюць у Узброеных Сілах, шапка-вушанка цалкам не знікла і па-ранейшаму застаецца ў камплекце паўсядзённай і баявой формы.
Ад ануч у арміі адмовіліся прыкладна ў 2005-м, крыху пазней пазбавіліся і ад кірзавых ботаў. Дык што НАТА хай лепш не сунецца. Беларусы — у поўным узбраенні.