«Жах, канечне: заробак малы, а праца адказная»
28- 23.01.2026, 12:40
- 16,636
Мінскі РНПЦ запрасіў на працу медсясцёр і санітарок, але за тры гады ніхто не прыйшоў.
Аб'яву пра пошук медсясцёр і санітарок размясціла ў сацсетцы Threads адна з супрацоўніц Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія» Марта Сенкевіч. У каментарыях пад пастом высветлілася, што ўстанова аховы здароўя ўжо не першы год шукае малодшы медыцынскі персанал, але «за тры гады ніхто не прыйшоў», піша «Зеркало».
Кадры спатрэбіліся ў кардыяхірургічнае аддзяленне, разлічанае на 25 ложкаў. Аўтарка паста ўдакладніла, што на працу гатовыя ўзяць у тым ліку пенсіянераў.
У абмеркаванні пад публікацыяй каментатары пацікавіліся заробкам. На гэта Марта Сенкевіч адказала, што медсястрам на стаўку прапануюць 1350 — 1400 рублёў, санітаркам — 1000 рублёў. Такія лічбы выклікалі ў карыстальнікаў пытанні:
«Ну і навошта ісці ў санітаркі, калі цудоўна можна пайсці прыбіральшчыцай у якую-небудзь краму», — напісаў адзін з каментатараў.
«Жах, канечне. Заробак малы, а праца адказная. У грамадскім харчаванні плацяць значна больш», — паскардзіўся іншы.
«У Мінску мора прапаноў нашмат цікавей… Доўга вы будзеце шукаць. Ну, напрыклад, дачка пайшла працаваць у краму адзення. Студэнтка, паўстаўкі. 800 рублёў», — напісала яшчэ адна ўдзельніца абмеркавання.
«Пра медыкаў і іх недахоп мы пачынаем успамінаць і думаць, калі пачынаем хварэць самі і нашы родныя, — пярэчыла аўтарка паста. — Таму ў вашай дачкі і ў вас ёсць выбар, але і ў бальніцах працаваць трэба».
Іншыя звярнулі ўвагу, што ў РНПЦ шукаюць супрацоўнікаў не першы год.
«Няўжо ў вас усё так сумна з кадрамі? Бачу вашы пасты ўжо цягам гадоў трох. Нікуды больш не патрэбныя, акрамя вашага аддзялення», — напісаў карыстальнік.
«За тры гады ніхто не прыйшоў, ніводнага маладога спецыяліста нам не размеркавалі! Цякучасці кадраў няма, калі паглядзець на наша аддзяленне. Але патрэба [у кадрах] — у кожным аддзяленні, паверце!» — адказала медсястра, якая размясціла прапанову пра вакансіі.