Беларусы сталі даўжэй гаварыць па мабільніку?
2- 21.01.2026, 18:35
У сярэднім на аднаго абанента прыпадала 568 хвілін у месяц.
Працягласць тэлефонных размоў (па «галасавой» сувязі) паводле вынікаў 2025 года павялічылася, а сярэдняя працягласць званка склала крыху менш за тры хвіліны. У месяц жа сярэднестатыстычны абанент нагаворвае 9,5 гадзіны, то-бок праводзіць на «правадзе» больш за стандартны працоўны дзень з улікам абеду.
Такім чынам, у 2025 годзе абаненты здзейснілі 11,6 млрд уваходных і выходных выклікаў, нагаварыўшы ў суме больш за 32,5 млрд хвілін, або амаль 62 тысячы гадоў, гаворыцца ў статыстыцы МТС. Сярэдняя працягласць выклікаў склала 2 хвіліны 49 секунд, годам раней балбаталі крыху менш — 2 хвіліны 45 секунд.
У сярэднім на аднаго абанента прыпадала 568 хвілін у месяц. Для параўнання, у 2024-м гэты паказчык складаў 559 хвілін, а 10 гадоў таму — 462 хвіліны.
Найбольш гаварылі ў Мінску, за сталіцай ідуць Брэсцкі, Гродзенскі, Віцебскі і Баранавіцкі раёны, крыху менш галасавай актыўнасці ў Магілёўскім, Полацкім, Мінскім, Аршанскім і Мазырскім раёнах.