Axios: Трамп і Зяленскі ўсё яшчэ могуць сустрэцца ў Давосе
- 21.01.2026, 17:13
- 1,098
Першапачаткова планавалася падпісанне важнага эканамічнага пагаднення.
Скандал вакол Грэнландыі сарваў планы па падпісанні эканамічнага пагаднення паміж Украінай і ЗША, але прэзідэнты дзвюх краін усё яшчэ могуць сустрэцца ў найбліжэйшы час. Пра гэта піша выданне Axios.
Паводле звестак журналістаў, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пакуль не плануе паездку на Давоскі форум у Швейцарыі. Прычынай называецца востры энергетычны крызіс у краіне пасля масіраванага расійскага ўдару па энергетыцы ва ўмовах моцных маразоў.
Разам з тым украінскія чыноўнікі заявілі, што ўкраінскі лідар усё яшчэ можа наведаць Давос у чацвер, калі будзе дамоўленасць аб двухбаковай сустрэчы з Трампам.
Украінскі чыноўнік, з якім размаўлялі журналісты, заявіў, што планы па падпісанні Зяленскім і Трампам пагаднення аб «плане росквіту» Украіны былі скасаваныя. Але амерыканскі чыноўнік гэта абверг і заявіў, што ніякіх канкрэтных дамоўленасцей аб падпісанні дакумента наогул не было, і што дакумент яшчэ патрабуе дапрацоўкі.
Пры гэтым амерыканскі чыноўнік сцвярджае, што Трамп усё яшчэ плануе сустрэцца з Зяленскім і некалькімі іншымі еўрапейскімі лідарамі, але, паводле яго слоў, чакаць якіх-небудзь прарываў не варта.