У расійскім Новасібірску абрынуўся дах гандлёвага цэнтра
5- 21.01.2026, 14:48
- 4,690
Другі паверх будынка цалкам «склаўся».
У расійскім Новасібірску ў Першамайскім раёне днём 21 студзеня абрынуўся другі паверх гандлёвага цэнтра, дзе знаходзіцца супермаркет «Ярчэ», паведамляе «112». Пацярпелі прынамсі два чалавекі, піша ТАСС са спасылкай на ўлады горада. Жанчыну аглядалі медыкі, а мужчыну адправілі ў бальніцу.
У рэгіянальным упраўленні МНС паведамілі, што пад заваламі могуць знаходзіцца яшчэ некалькі пацярпелых. Папярэдне, дах будынка абрынуўся з-за цяжару снегавой масы. Гэта ўжо другое абрушэнне даху грамадскага будынка ў горадзе за тыдзень.
Па факце абрушэння гандлёвага цэнтра на вуліцы Наумава, 26 узбудзілі крымінальную справу аб аказанні паслуг, што не адпавядаюць патрабаванням бяспекі (арт. 238 КК РФ), паведамілі ў СУ СКР па Новасібірскай вобласці. Праводзяцца следчыя дзеянні. Пракуратура рэгіёна арганізавала праверку па факце інцыдэнту. Судзячы па фота ад ведамства, другі паверх гандлёвага цэнтра цалкам «склаўся». «Прычыны здарэння ўстанаўліваюцца. Даручыў правесці праверку выканання патрабаванняў да ўтрымання дахаў і своечасовай ачысткі дахаў ад снегу», — напісаў мэр Новасібірска Максім Кудраўцаў у тэлеграм-канале.

19 студзеня ў Кастрычніцкім раёне Новасібірска з-за скаплення снегу абрынуўся дах аднаго з будынкаў гарналыжнага комплексу «Альбатрос», паведамляў Vn.ru са спасылкай на кіраўніка абласнога ГУ МНС Віктара Арлова. Ён запэўніў, што НС адбылася ў будынку, які на той момант не эксплуатаваўся. Плошча даху, які абрынуўся, склала 30 кв. метраў. Ніхто не пацярпеў.