Удаву з Індыі трымаюць у кароўніку ў Беларусі
7- 21.01.2026, 11:32
- 8,666
Яе падманам заманілі ў нашу краіну.
Жыхарка індыйскага горада Навсары Міна Джошы апынулася ў Беларусі ў цяжкай сітуацыі і просіць дапамагчы ёй вярнуцца на радзіму. Пра гэта паведаміла індыйскае выданне Dainik Bhaskar.
Міна Джошы — удава, у Індыі ў яе засталіся трое дзяцей. У пошуках заробку жанчына адгукнулася на прапанову працы ў Беларусі: ёй абяцалі нескладаныя абавязкі па ўпакоўцы фруктаў з заробкам 70–80 тысяч рупій у месяц (каля Br2,5 тыс.), што ўдвая перавышае сярэдні даход у Індыі.
Пасярэднік па працаўладкаванні ўзяў за свае паслугі 550 тысяч рупій (прыблізна Br17,5 тыс.). Каб аплаціць паездку і афармленне, Джошы давялося ўзяць крэдыт.
Аднак пасля прыбыцця ў Беларусь сітуацыя склалася інакш. Паводле слоў жанчыны, замест абяцаных умоў яе пасялілі ў кароўніку, дзе яна жыве і цяпер. Як сцвярджае Джошы, яна знаходзіцца за 350–400 кіламетраў ад Мінска, і ў падобным становішчы там апынуліся і іншыя людзі.
Чаканай працы і заробку яна не атрымала, толькі аднойчы ёй удалося папрацаваць каля тыдня. Чым менавіта яна займаецца цяпер і пры якіх абставінах апынулася ў кароўніку, не ўдакладняецца.
Міна Джошы ўскладае адказнасць за тое, што здарылася, на агента па працаўладкаванні і адзначае, што больш не можа жыць у такіх умовах.
«У мяне няма грошай, каб вярнуцца ў Індыю. Мае трое сыноў засталіся там. Я хачу вярнуцца дадому», — сказала жанчына.