Беларус купіў кватэру ў «дармаеда» і трапіў на поўную аплату камуналкі
- 18.01.2026, 22:00
- 2,932
Поўныя тарыфы налічвалі нават пасля здзелкі.
Андрэй нядаўна набыў жыллё ў Гомелі, паведамляе выданне «Белка».
«Я купіў кватэру ў чалавека, не занятага ў эканоміцы. Камунальныя паслугі яму налічваліся па поўным кошце. Былы гаспадар выселяўся тыдзень. Прыблізна столькі ж мне спатрэбілася, каб перааформіць жыллё на сябе», — распавёў гамяльчук.
Высветлілася, што ўвесь гэты час камуналку працягвалі налічваць па поўных тарыфах. «Чаму я павінен пераплачваць, калі ўсё жыццё працую?» — задаецца пытаннем мужчына.
У Разлікова-даведачным цэнтры горада Гомеля адказалі, што плацельшчыкам жыллёва-камунальных паслуг новы ўласнік кватэры становіцца толькі з моманту рэгістрацыі права ўласнасці на яе.
Парадак наступны: у Гомельскім агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры трэба зарэгістраваць пераход права ўласнасці на кватэру і атрымаць пасведчанне.
Пасля з гэтым дакументам трэба звярнуцца ў арганізацыю, якая ажыццяўляе налічэнні, для адкрыцця асабовага рахунку. Толькі тады былы ўласнік перастае быць плацельшчыкам. А значыць, камуналку пачнуць налічваць новаму ўласніку па льготных тарыфах.
Плата за жыллёва-камунальныя паслугі па субсідзіраваных тарыфах будзе налічвацца пры ўмове, што ў жылым памяшканні ёсць зарэгістраваныя па месцы жыхарства грамадзяне. У адваротным выпадку будуць прымяняцца тарыфы, што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў.