Колькі кватэр коштам больш за $100 тысяч прадаюцца ў Мінску
1- 18.01.2026, 20:58
- 2,438
Усталяваны рэкорд.
Амаль траціна кватэр, прададзеных у снежні ў сталіцы, каштавала больш за $100 тыс. у эквіваленце. Усяго ў апошні месяц 2025 года, паводле папярэдніх ацэнак, у Мінску здзейснілі 1330–1350 здзелак куплі-продажу нерухомасці, піша officelife.media.
Як паведамляе партал Wikidom, пакуль у базах за снежань фігуруе 1275 здзелак, аднак іх колькасць яшчэ павялічыцца, калі загрузяцца ўсе даныя. У выніку колькасць прададзеных кватэр будзе вышэйшая, чым у правальным лістападзе (1235), але больш, чым у снежні 2024 года (1509).
У структуры прададзеных кватэр крыху скарацілася колькасць новабудоўляў, цяпер яны займаюць 8% (104 кватэры).
Традыцыйна найбольш прадавалі «аднушак» — 45,6% ад усіх здзелак (581 кватэра).
Сярэдні кошт квадратнага метра ў Мінску ў снежні вырас на $17 і склаў $1876. Пры гэтым метр у гатовых новабудоўлях каштаваў $2011 (плюс $2 за месяц), на «другасным рынку» — $1864 (плюс $19).
Аналітыкі таксама звяртаюць увагу, што ў снежні 34% прададзеных кватэр каштавалі больш за $100 тыс. (431 кватэра). Такую колькасць дарагіх кватэр можна назваць рэкордна высокай. Доля кватэр з цаной вышэй за $200 тыс. склала 4% (45 кватэр).
Найдаражэйшай прададзенай у снежні кватэрай стала чатырохпакаёвая кватэра ў DEPO у доме 2023 года пабудовы. Яна абышлася пакупніку ў $550 тыс. Прыкметна, што на пачатку года найдаражэйшай прададзенай у снежні 2025 года кватэрай Realt назваў «трышку» на Піянерскай за $489 тыс.