Расіяне прызналі слабасць «Арэшніка»
4- 18.01.2026, 19:48
- 5,108
Ракета не такая ўжо высокадакладная.
У баегалоўках расійскага ракетнага комплексу «Арэшнік» адсутнічае сістэма індывідуальнага навядзення баявых блокаў, што ставіць пад сумнеў заявы расійскага кіраўніцтва пра нібыта высокую дакладнасць гэтай зброі.
Як піша расійскі тэлеграм-канал MilitaryRussia, які спецыялізуецца на ўзбраенні РФ, вывучыўшы даступныя ў сеціве фатаграфіі рэшткаў ракеты пасля ўдараў па Украіне ў 2024 і 2026 гадах, яны прыйшлі да высновы, што «Арэшнік» не мае блокаў індывідуальнага развядзення.
«Верагодна, у баявой ступені выкарыстаны тыповы для ракет Маскоўскага інстытута цеплатэхнікі герметычны прыборавы адсек і газареактыўная сістэма арыентацыі баявой ступені, якая выкарыстоўваецца пры развядзенні баявых блокаў. Баявыя блокі, верагодна, падобныя да класічных некіравальных блокаў, але з'яўляюцца носьбітамі касеты з паражальнымі элементамі», — піша тэлеграм-канал.
У цэлым баегалоўка «Арэшніка», на думку аналітыкаў, складаецца з шасці баявых блокаў, кожны з якіх нясе па шэсць паражальных элементаў — усяго 36 паражальных элементаў у адной ракеце.
Украінскі праект «Мілітарний», аналізуючы відэа ўдару па прыгарадзе Львова ў ноч на 9 студзеня, адзначае, што да зямлі даляцелі чатыры групы паражальных элементаў, пасля чаго зафіксавана падзенне яшчэ двух асобных элементаў. Іншымі словамі, два баявыя блокі не раскрыліся і не выкінулі паражальныя элементы. Пры гэтым яны разляцеліся на значную адлегласць адзін ад аднаго.