Эканоміка РФ уваходзіць у фазу «дарагіх грошай»
1- 18.01.2026, 13:58
- 3,856
На тле вайны супраць Украіны.
У 2026 годзе расійская эканоміка ўваходзіць у фазу «дарагіх грошай», што становіцца новай нормай на тле вайны супраць Украіны і зацяжнай макраэканамічнай нестабільнасці.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Службы знешняй разведкі Украіны.
Паводле сігналаў «Банка Расіі», высокі кошт капіталу застанецца надоўга, прымушаючы бізнес адмаўляцца ад інерцыйнага планавання, скарачаць інвестыцыі і жорстка кантраляваць абарачальны капітал.
Расійскія кампаніі будуць вымушаныя пераглядаць тэрміны акупнасці праектаў, умовы адтэрміноўкі плацяжоў і рэальную цану пазыковых сродкаў. У выніку нават пры фармальна стабільным попыце расце асцярожнасць і падае гатоўнасць да развіцця.
Дадатковы ўдар па бізнесе будзе наносіць падатковая палітыка. З 1 студзеня 2026 года ў Расіі прымяняецца павышаная стаўка ПДВ — 22%.
Гэта ўскладняе разлікі з кантрагентамі, павялічвае рызыкі падатковых спрэчак і павышае адміністрацыйную нагрузку, што асабліва балюча для малога і сярэдняга бізнесу ў умовах ваеннай эканомікі.
Рынак працы застаецца напружаным: вакансій больш, чым работнікаў. Нізкае беспрацоўе на тле мабілізацыі і дэмаграфічных страт азначае для кампаній рост канкурэнцыі за персанал і ціск на фонд аплаты працы.
У той жа час чаканае запаволенне росту заробкаў прымушае бізнес шукаць замену «гонцы заробкаў» праз аўтаматызацыю, скарачэнне функцый і павышэнне патрабаванняў да ўніверсальных навыкаў.
Праблемы назапашваюцца і ў лагістыцы. Абавязковы электронны дакументаабарот і ўзмацненне рэгулявання міжнародных перавозак ствараюць рызыкі затрымак і праверак.
Для прадаўцоў на маркетплейсах сітуацыю пагаршаюць новыя правілы платформеннай эканомікі, павышаныя падаткі і рэгуляторная нявызначанасць, што рэзка павялічвае цану любой памылкі.
«У сукупнасці гэтыя фактары дэманструюць, што эканамічныя наступствы вайны супраць Украіны ўсё мацней б'юць па унутраным бізнес-асяроддзі РФ. Замест развіцця і інвестыцый кампаніі вымушаныя канцэнтравацца на выжыванні, юрыдычнай абароне і мінімізацыі рызык, што сведчыць пра сістэмную дэградацыю эканомікі ў сярэднетэрміновай перспектыве», — адзначылі ў СЗР.