Сяргей Ціханоўскі разам з дзецьмі пераехаў у ЗША
- 17.01.2026, 21:54
- 23,994
Офіс Ціханоўскай пракаментаваў гэтую інфармацыю.
Беларускі рэжысёр Андрэй Курэйчык у стрыме расказаў, што былы палітзняволены Сяргей Ціханоўскі цяпер вучыцца ў ЗША, і іх са Святланай дзеці жывуць там разам з ім.
«Вучыцца Сяргей у Маямі. Забраў туды дзяцей, яны пайшлі ў школу», — заявіў Курэйчык.
Святлана Ціханоўская каротка пракаментавала словы Курэйчыка:
«Сяргей сапраўды знаходзіцца ў ЗША, вучыцца на курсах англійскай мовы. А па дзецях я не даю каментарыяў з меркаванняў бяспекі», — сказала яна «Зеркало».
Пазней дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі прывёў яе больш падрабязны каментар:
«Не, дзеці не пераехалі ў ЗША, а знаходзяцца там часова. На дадзены момант мы вырашаем пытанні з бяспекай і арганізацыяй працы офіса. Таму мы ў сям'і прынялі рашэнне, што пакуль дзеці будуць знаходзіцца з татам. Ён цяпер вывучае англійскую мову і працягвае сваю актыўнасць у ЗША. Пры гэтым вы ведаеце мой графік афіцыйных візітаў і сустрэч, а Сяргей даўно не бачыў дзяцей і цяпер можа праводзіць з імі дастаткова часу», — прывёў словы Ціханоўскай Кучынскі.
У Ціханоўскіх двое дзяцей — сын Карней і дачка Агнія.