Арына Сабаленка перамагла на турніры ў Брысбене
18- 11.01.2026, 11:57
- 5,214
Беларуская тэнісістка заваявала першы тытул у новым годзе.
Арына Сабаленка стала найлепшай на турніры ў аўстралійскім Брысбене. У двух сэтах беларуска перайграла ўкраінскую тэнісістку Марту Касцюк.
Першая ракетка свету ўпэўнена правяла матч і перамагла Касцюк, якая займае 26-ю пазіцыю ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA), — 6:4, 6:3.
На шляху да фіналу беларуска здабыла чатыры перамогі: па чарзе разабралася з іспанкай Крысцінай Букшай (6:0, 6:1), румынкай Саранай Кырстэяй (6:3, 6:3), амерыканкай Мэдзісан Кіз (6:3, 6:3) і чэшкай Каралінай Мухавай (6:4, 6:3).
Гэтая перамога для Сабаленкі — 22-гі трафей у турнірах, якія праводзіць WTA. Па колькасці трафеяў яна ўжо апярэдзіла Вікторыю Азаранку, у якой на адзін трафей менш.
Дарэчы, Арына ўстанавіла своеасаблівы рэкорд: яна стала першай тэнісісткай, якая тры гады запар выходзіла ў фінал турніру ў Брысбене. На рахунку беларускай — дзве перамогі (2025, 2026) і адно паражэнне (2024).