Украінская разведка: РФ узмацняе дзяржаўны кантроль над эканомікай
7- 11.01.2026, 5:00
- 6,822
Пазбаўляючы бізнес права ўласнасці.
У 2025 годзе маштаб нацыяналізацыі ў Расійскай Федэрацыі пабіў усе рэкорды. Гэта сведчыць пра далейшае згортванне рынкавых механізмаў і ўзмацненне дзяржаўнага кантролю над эканомікай.
Пра гэта паведамляе сайт Службы знешняй разведкі Украіны.
- Так, у 2025 годзе аб’ём прымусова адабранай маёмасці павялічыўся ў 4,5 раза ў параўнанні з 2024 годам і перавысіў 3,1 трыльёна рублёў, а агульная сума актываў, перададзеных дзяржаве з 2022 года, дасягнула 4,3 трыльёна рублёў, - гаворыцца ў паведамленні.
У разведцы адзначылі, што наймацнейшы ўдар атрымаў буйны бізнес, паколькі ў 2025 годзе свае актывы страцілі вядомыя расійскія мільярдэры. У прыватнасці:
- Дзмітрый Каменшчык пазбавіўся аэрапорта «Дамадзедава»;
- Дзяніс Штэнгелаў - холдынгу KDV Group;
- Канстанцін Струкаў - групы «Южуралзолото».
Як інфармуюць у СЗРУ, у Расіі масава нацыяналізуюць стратэгічныя прадпрыемствы, гандлёвыя цэнтры, прамысловыя аб’екты, энергетычныя кампаніі, медыцынскія ўстановы, інфраструктурныя аб’екты і нават адукацыйныя ўстановы.
- Асабліва актыўна маёмасць адбіраюць у Маскоўскай вобласці, Санкт-Пецярбургу, на Ўрале і Далёкім Усходзе, - сказана ў публікацыі.
Таксама разведчыкі распавялі, што для фактычнага пазбаўлення бізнесу права ўласнасці Крэмль ужывае пяць ключавых механізмаў: ад «антыкарупцыйных» пазоваў і перагляду прыватызацыі 1990–2000-х гадоў да абвінавачванняў у «экстрэмізме» і сувязях з замежнымі дзяржаўамі.
- Такая практыка дэманструе поўную залежнасць судовай сістэмы ад палітычных рашэнняў і ператварае нацыяналізацыю ў інструмент палітычных рэпрэсій і перадзелу маёмасці ў інтарэсах бізнесменаў, падкантрольных пуцінскаму рэжыму, - рэзюмавалі ў СЗРУ.