Украіна і ЗША рыхтуюць пагадненне аб свабодным гандлі
3- 10.01.2026, 10:50
- 2,292
Зяленскі раскрыў падрабязнасці.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што абмяркоўвае з ЗША магчымасць заключэння пагаднення аб свабодным гандлі з нулявымі тарыфамі, якое павінна стаць часткай больш шырокага плана эканамічнага аднаўлення краіны пасля вайны.
У інтэрв'ю Bloomberg Зяленскі паведаміў, што прапанаванае пагадненне прадугледжвае нулявыя тарыфы ў гандлі з ЗША і можа распаўсюджвацца на асобныя прамыслова развітыя рэгіёны Украіны. Паводле яго слоў, гэта дасць Кіеву «вельмі сур'ёзныя перавагі» перад суседнімі краінамі і здольнае прыцягнуць замежныя інвестыцыі і бізнес.
«Гэта можа стаць дадатковай гарантыяй эканамічнай бяспекі», — падкрэсліў прэзідэнт, дадаўшы, што дэталі прапановы ён плануе абмеркаваць непасрэдна з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Заявы Зяленскага прагучалі пасля дакладу галоўнага ўкраінскага перамоўніка Рустэма Умерава, які правёў тэлефонныя перамовы са спецпасланцамі Трампа — Стывам Віткофам і Джарэдам Кушнерам. Паводле слоў прэзідэнта, амерыканскі бок таксама кантактаваў з Расіяй «у пэўным фармаце», хоць далейшыя крокі пакуль застаюцца няяснымі.
Зяленскі адзначыў, што Украіна ўжо перадала ЗША свае заўвагі па тэрытарыяльных прапановах, якія павінны быць даведзеныя да расійскага боку. Ён чакае адказу Масквы на 20-пунктавае рамкавае пагадненне да завяршэння перамоваў з Вашынгтонам аб гарантыях бяспекі і плане аднаўлення — гэта можа адбыцца ўжо напрыканцы месяца.