5 снежня 2025, Пятніца, 11:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як чыноўнікі дабіваюць беларускую медыцыну

3
Як чыноўнікі дабіваюць беларускую медыцыну

Медыцынская сістэма ў нашай краіне вельмі забюракратызаваная.

Памятаеце, як на пачатку пандэміі Лукашэнка абвінавачваў першую ў Беларусі афіцыйную ахвяру каранавіруса ў тым, што яна памерла? Віктар Дашкевіч працягваў хадзіць на працу, бо ніякага лакдаўну, вызвалення ад працоўных абавязкаў, не было, а потым яго гэтым яшчэ і папікалі. Сістэме такі падыход спадабаўся, і цяпер нас абвінавачваюць наагул ва ўсім.

Вось нядаўна ў Мінску ў раённым чаце людзі пачалі скардзіцца, што ў паліклініцы не стае педыятраў, пры гэтым утвараюцца чэргі і хаос. Але, паводле слоў прапагандыстаў, вінаваты ў гэтым самі людзі. Вы, кажуць, самі ствараеце ажыятаж і ўражанне натоўпу. Няма чаго, кажуць, двум дарослым суправаджаць дзіця. А яшчэ, аказваецца, праблема ў тым, што людзі па пятніцах масава ходзяць закрываць бальнічныя. Дык што, калі вы не ведалі, гэта ваша віна, што доктарка дала бальнічны да пятніцы. Вы павінны былі гэта прадугледзець і... А ўласна, што вы павінны былі зрабіць? Не хварэць? Не браць бальнічны? Можа, адразу не нараджацца, каб не прыносіць дзяржаве столькі клопатаў?

Нагадаю: паводле Мінздароўя, у Беларусі напрыканцы 2024 года працавалі амаль 48 тысяч урачоў, а яшчэ чатырох тысяч — не ставала. Дэфіцытам спецыялістаў менавіта ў дзіцячых паліклініках здзівіць наогул цяжка — у абласным горадзе ў дзіцячай паліклініцы можа не быць, напрыклад, хірурга. Увогуле ніякага — ні па размеркаванні, ні пенсіянера, які працягвае працаваць, нікога. А чэргі да педыятраў нагадваюць трохгаловага дракона: адна чарга з талонамі, другая — без талонаў, трэцяя — паставіць подпіс на дакуменце.

То бок праблемы адначасова дзве: і аб’ектыўная нястача медыкаў, і надзвычай нерацыянальны падыход дзяржавы да таго, як трэба выкарыстоўваць іх час. Вырашыць першую праблему, вядома, складаней — для гэтага трэба павышаць заробкі, паляпшаць умовы працы, абсталяванне ў клініках і наогул спыніць масавыя рэпрэсіі ў краіне. Але і без велізарных грошай, і нават пры цяперашнім палітычным крызісе можна пераразмяркоўваць нагрузку і вызваляць урачоў ад лішніх абавязкаў.

Тое, што медыцынская сістэма ў нашай краіне вельмі забюракратызаваная, я разумела яшчэ, жывучы ў Беларусі, але толькі пасля ад’езду ў Латвію ўсвядоміла, наколькі гэта катастрафічна. Аказваецца, атрымаць новы рэцэпт на лекі, якія трэба прымаць пастаянна, можна па тэлефоне або праз мэсэнджар. Каб даведацца вынікі аналізаў, не трэба запісвацца на асобны прыём — іх можна пабачыць анлайн незалежна ад таго, у якой лабараторыі бралі біяматэрыял. Нават каб адкрыць або закрыць бальнічны, часам не абавязкова прыходзіць у клініку — гэта таксама можна зрабіць анлайн. Таксама можна атрымаць накіраванні на абследаванні і да вузкіх спецыялістаў.

Я ў Рызе бачу сваю тэрапеўтку толькі тады, калі патрэбны агляд або калі назапасілася шмат пытанняў, іх трэба ўсе абмеркаваць і прыдумаць нейкі план. Усё астатняе вырашаецца званком да медсястры. У спрэчных момантах медсястра перапытвае нешта ў урача, і тая або дае дазвол, каб аформіць нешта анлайн, або ўсё ж просіць прыйсці і пагаварыць асабіста. І так, тут таксама не стае медыкаў, і сістэма вельмі далёкая ад ідэалу. І я разумею, што для максімальнай аўтаматызацыі патрэбна шмат грошай. Але ж можна разгружаць урачоў хоць неяк? Дык, можа, і дойдзем да таго, што прыём у педыятра ў паліклініцы будзе даўжэйшы за 10 хвілін.

Першыя крокі на шляху да дыгіталізацыі ў Беларусі ўжо прадпрымаюцца, але яны такія слабенькія, што даваць ім добрую ацэнку ў 2025 годзе якосьці складанавата. Напрыклад, даўно ўжо распрацаваная сістэма электронных рэцэптаў, але карыстацца імі дагэтуль можна не ва ўсіх аптэках. Даведвацца без візіту ў аптэку, колькі, напрыклад, засталося невыкупленых лекаў з выпісаных рэцэптаў, таксама нельга. Усё ў нейкім зародкавым стане. Да канца гэтага года абяцаюць запусціць нацыянальную сістэму электроннай аховы здароўя. Ну што ж, чакаем!

А пакуль проста напамін чыноўнікам ад медыцыны і прапагандыстам ад Лукашэнкі: у тым, што медыцынская сістэма ў Беларусі так дрэнна працуе, вінаваты менавіта вы — людзі, якія давялі яе да гэтага стану. І ніякія вашы спробы перакладаць адказнасць з хворай галавы на здаровую не скасуць гэтай рэальнасці.

Наста Захарэвіч, «Белсат»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках