У Брэсце затрымаліся 130 кітайскіх цягнікоў
32- 23.09.2025, 12:51
- 24,330
Польшча адмаўляецца адкрываць мяжу з Беларуссю.
Больш за 130 таварных цягнікоў, якія следавалі з Кітая ў ЕС, затрымаліся ў Брэсце пасля таго, як Польшча закрыла мяжу з Беларуссю. Пра гэта паведамляе кітайскае агенцтва Yicai, са спасылкай на справаздачу кампаніі New Silk Road Intermodal Sichuan.
Як паведаміла агенцтву памочніца генеральнага дырэктара кампаніі Тан Тинтин, таварныя цягнікі былі адпраўленыя пасля 12 верасня. Некаторыя з іх ужо прыбылі ў Брэст і чакаюць мытнага афармлення.
Пры гэтым многія кампаніі паралельна шукаюць альтэрнатыўныя маршруты адпраўкі грузаў: яны накіроўваюць цягнікі або праз Санкт-Пецярбург і далей морам, або па паўднёвым маршруце праз Казахстан, Азербайджан, Грузію або Турцыю.
12 верасня Польшча спыніла транспартныя зносіны з Беларуссю ў адказ на сумесныя вучэнні Беларусі і Расіі «Захад – 2025». Пасля заканчэння вучэнняў мяжа так і не была адкрыта. Акрамя спынення пасажырскіх зносін, спыніўся і рух таварных цягнікоў, якімі Кітай пастаўляе свае тавары ў Еўропу. Паводле дадзеных Politico, такім шляхам у ЕС накіроўваецца 3,7% кітайскага экспарту на суму 25 мільярдаў еўра.
Польшча дамагаецца вызвалення вязняў рэжыму Лукашэнкі і спынення правакацый з нелегаламі на мяжы.